Сябра камітэту Дня Волі-2016, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч раней заявіў, што рашэнне аб тым, ці прытрымлівацца дазволенага ўладамі маршрута, будзе прымацца супольна ўсім аргкамітэтам. Пры гэтым ён лічыць, перадае Еўрарадыё, што прайсці па вуліцы Сурганава — “гэта нармальна, годна”. Янукевіч падкрэсліў, што заклікаць людзей збірацца для ўдзелу ў мітынгу ў парку Дружбы Народаў каля плошчы Бангалор аргкамітэт не будзе.

Экс-палітвязень Мікола Статкевіч заклікаў грамадзян ускладаць кветкі да помніка Янку Купалу, а потым адтуль пешшу рухацца да кінатэатру “Кастрычнік” як да месца афіцыйна дазволенага збору ўдзельнікаў акцыі.

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заклікаў усіх удзельнікаў прыходзіць на акцыю з бел-чырвона-белымі стужкамі.

Штогод 25 сакавіка дэмакратычная супольнасць Беларусі адзначае Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі. Утварэнне БНР, якое адбылося 25 сакавіка 1918 года, называюць найважнейшай падзеяй у станаўленні беларускай дзяржаўнасці.

Фота: Еўрарадыё