«Пасля праведзенай працы па ідэнтыфікацыі пацярпелых ад тэрактаў сёння бельгійскі бок паведаміў пра шпіталізацыю трох грамадзян Беларусі«, — гаворыцца ў паведамленні на старонцы знешнепалітычнага ведамства ў «Твітэры».

МЗС таксама паведамляе, што «сёння ж лячэбную ўстанову наведае консульскі супрацоўнік пасольства». «Устанаўліваецца кантакт са сваякамі пацярпелых«, — заўважаецца ў паведамленні.
 
Пазней МЗС паведаміла, што беларускае пасольства звязалася з пацярпелымі і высветліла, што «яны атрымалі лёгкія цялесныя пашкоджанні (парэз, баратраўма) і ўжо выпісаныя з бальніцы». 

Тэракты ў брусельскім аэрапорце Завентэм і на станцыі метро Maelbeek адбыліся 22 сакавіка. Адказнасць за выбухі ўзяла на сябе «Ісламская дзяржава».

 
Згодна з апошнімі звесткамі, 31 чалавек загінуў, прыблізна 260 атрымалі раненні. Ад выбухаў пацярпелі грамадзяне прыкладна 40 краін.
 
Першапачаткова антыкрызісны цэнтр МЗС Бельгіі паведамляў, што ў спісах загінулых і пацярпелых у выніку тэрактаў грамадзян Беларусі няма.