Цягам двух дзён кіраўнік польскай дыпламатыі сустракаўся з беларускім калегам, а таксама з кіраўніком Беларусі. „Я прапаную пачакаць не толькі слоў, але і канкрэтных дзеянняў,” – так нашаму радыё пракаментаваў візіт Вітальда Вашчыкоўскага ў Беларусь былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешэк Шэрэпка.

Лешэк Шэрэпка: Я схіляюся да таго, што трэба размаўляць. У час размовы, сустрэчы можам прыйсці да паразумення. Гэта асабліва важна ў дыпламатыі. Дагэтуль нашы кантакты з Беларуссю не былі занадта інтэнсіўнымі, таму візіт на такім узроўні заўсёды выклікае вялікае зацікаўленне і пэўныя спадзяванні. Што выйдзе з гэтага – пабачым пазней. Думаю, абодва бакі выказалі свае пункты бачання на праблемы, якія маюць месца сёння.

РР: Ці можна спадзявацца, што пачнуцца больш шчыльныя кантакты на больш нізкім узроўні? Напрыклад, па пытанні школьніцтва, культуры, супольнай трагічнай гісторыі.

Лешэк Шэрэпка: Гэтыя кантакты заўсёды былі. Адзінае, незаўсёды Вы маглі іх бачыць. Варта адзначыць таксама, што нізкі ўзровень – гэта рабочы ўзровень. Вы добра разумееце, што многія справы ў Беларусі патрабуюць палітычнай волі на тое. І без такога палітычнага рашэння цяжка чакаць прагрэсу ў штодзённых справах.

РР: З вуснаў Аляксандра Лукашэнкі прагучалі словы, што нягожа нам праз плот, праз мяжу, з бліжэйшымі суседзямі не мець кантактаў. Ці ёсць у Вас спадзяванні, што гэта якраз тое зялёнае святло для больш шчыльных кантактаў Польшчы і Беларусі?

Лешэк Шэрэпка: Час пакажа. Ёсць некалькі пытаннях для вырашэння ў дачыненнях паміж Польшчай і Беларуссю. Гэта пытанне польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, пытанне малога памежнага руху, пытанне польскага школьніцтва, магчымасці вывучаць польскую мову ў беларускіх школах, а таксама пытанне гандлю, бо ўвесь час ёсць забарона на экспарт польскай свініны ў Беларусь і г.д. Праблемаў шмат. І калі гэты візіт нейкім чынам спрычыніцца да вырашэння якой-небудзь з вышэй узгаданых праблемаў, то гэта поспех.

РР: Але Вы адзначылі, што гэта праблемы палітычнага характару. Гэта значыць, што перадусім воля з беларускага боку павінна быць…

Лешэк Шэрэпка: Я не быў на тых сустрэчах, не ведаю, якая там была атмасфера. Але як кажуць, па пладах іхніх пазнаеце іх. Калі візіт Вашчыкоўскага пазітыўна зменіць штосьці ва ўзгаданых пытаннях, то можна і пазітыўна ацэньваць гэтую сустрэчу.

РР: Пачатак візіту Вашчыкоўскага – гэта наведванне Курапатаў. На Вашу думку, як гэта супольная цяжкая гісторыя можа стаць падмуркам для размовы з Менскам пра складаныя рэчы? Напрыклад, пра Аўгустоўскую аблаву, якая да канца не высветлена, справа беларускага катынскага спісу.

Лешэк Шэрэпка: Ёсць група гісторыкаў, якая займаецца гэтымі рэчамі. Я сказаў бы, што гэта сталы элемент усіх польскіх візітаў у Беларусь. Мне ўвесь час цяжка было зразумець, які погляд беларускага боку на трагічныя падзеі мінулага. Мы лічым, што няма віны ў гэтым беларускай дзяржавы – вінаваты камуністычны рэжым. І было б добра высветліць пэўныя рэчы, мець доступ да дакументаў, якія там захоўваюцца. Польскі бок дагэтуль шукае частку катынскага спісу. Адзначу, што ўдалося вырашыць гэты аспект пытання з расейскім і ўкраінскім бокам. Але калі казаць пра абшар сённяшняй Беларусі, то маем увесь час праблемы. Калі б тут штосьці пазітыўна змянілася, то напэўна гэта было б ацэнена польскім бокам.

РР: Калі казаць пра нейкія каментары з беларускага боку, то частка экспертаў, палітолагаў станоўча глядзіць на гэты візіт. Частка кажа, што да канца не разумее з польскага боку, з кім мае дачыненні. Як Вы думаеце, ці ў ружовых акулярах цяперашні ўрад глядзіць на Беларусь і Лукашэнку?

Лешэк Шэрэпка: Я лічу, што не. Польскі бок, на маю думку, выдатна разумее, з кім мае дачыненні па беларускім баку. Заўсёды так: новы міністр хоча на ўласныя вочы пабачыць, як выглядае сітуацыя, хоча пазнаёміцца з партнёрамі, пачуць іх меркаванні адносна спраў, якія тычацца стасункаў абодвух бакоў. Таму гэта такі распазнаўчы візіт. Што з яго будзе – пабачым. Пакуль яшчэ рана рабіць нейкія высновы.

РР: Тады ці можна чакаць падобны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Польшчу або Анджэя Дуды ў Беларусь.

Лешэк Шэрэпка: Не ведаю. Але я быў бы вельмі задаволены, калі б абодва прэзідэнты сустрэліся на мяжы, напрыклад, з нагоды ўвядзення малога памежнага руху. Гэта напэўна было б і сімвалічна, і карысна для жыхароў як Польшчы, так і Беларусі.

Візіт Вітальда Вашчыкоўскага ў Беларусь стаў першым за апошнія восем гадоў. Візіт адбыўся на хвалі агульнага пацяплення стасункаў Беларусі з ЕЗ, які распачаўся адменай санкцый у лютым, перадае Беларускае Радыё Рацыя.

Чытай больш на: http://www.racyja.com/palityka/leshek-sherepka-spadzyayusya-chargovaj-bud/