Макей падкрэсліў, што ўпершыню за апошнія восем гадоў здзяйсняецца візіт кіраўніка МЗС Польшчы ў Беларусь у двухбаковым фармаце (пяць з паловай гадоў таму ў Мінск прыязджаў міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі разам з нямецкім калегам Гіда Вестэрвеле).

Паводле слоў Макея, у вузкім фармаце яны з Вашчыкоўскім ужо абмеркавалі некаторыя пытанні супрацоўніцтва і наяўнага стану беларуска-польскіх адносін. “Гэты візіт стварае добрыя перадумовы для ўмацавання даверу ў нашых адносінах і развіцця супрацоўніцтва”, — сказаў беларускі міністр. Ён выказаў падзяку польскім калегам за іх “прагматычную пазіцыю ў пытанні адмены санкцый супраць Беларусі”. “Лічу, што гэта была канструктыўная пазіцыя”, — заўважыў Макей.

Ён падкрэсліў, што цяперашняя сітуацыя ў рэгіёне дастаткова складаная, у тым ліку з пункта гледжання арганізацыі бяспекі і сумеснай аховы межаў. “Таму ў нас сёння вельмі шмат тэм і па двухбаковых, і па шматбаковым аспектах, — адзначыў дыпламат. — Мы гатовыя абмяркоўваць гэтыя тэмы ў адкрытай і давернай атмасферы, каб не заганяць праблемы ўглыб, а паспрабаваць іх вырашыць”.

Вітальд Вашчыкоўскі падзякаваў беларускаму боку за арганізацыю яго візіту ў сціслыя тэрміны. “Новы польскі ўрад лічыць, што з суседзямі трэба жыць добра і вырашаць праблемы, калі яны існуюць, — сказаў дыпламат. — Мы б хацелі пачаць дыялог па пытаннях суседскіх, рэгіянальных, агульнаеўрапейскіх, якія тычацца нашых краін”.

Вашчыкоўскі падкрэсліў, што плануецца абмеркаванне складаных пытанняў, да якіх ён, у прыватнасці, аднёс правы чалавека і становішча польскай меншасці ў Беларусі. “Будзем абмяркоўваць і вырашаць гэтыя пытанні ў прагматычным ключы, каб іх вырашыць, а не палітызаваць”, — сказаў ён.

 
Фота з адкрытых крыніц