Да нядаўняга часу аматары мастацтва наведвалі выставу графікі “Гоя. Пікасо” толькі днём, падчас працы Мастацкага музея. Цяпер установа прапануе новы фармат. Пазнаёміцца з містычнымі творамі Франсіска Гоі можна пасля афіцыйнага закрыцця музея, практычна ў поўнай цемры.

«Вядома, такая экскурсія патрабуе дадатковых мер бяспекі, намаганняў многіх службаў музея, асабліва службы аховы. Мы рыхтаваліся да яе каля месяца, але першы вынік ўражвае», – кажа загадчыца аддзела навукова-асветніцкай працы Надзея Усава.

Экскурсія будзе праходзіць кожны чацвер з 24 сакавіка па 17 красавіка 2016 года з 21 да 22 гадзін. Папярэдні запіс ажыццяўляецца ў экскурсійным бюро, куды трэба прыйсці з пашпартам. Калі экскурсійная група будзе налічваць 25 чалавек, квіток абыдзецца вам у 230 тысяч рублёў. Калі група будзе складацца з 20 чалавек, вам давядзецца вынуць з кішэні 260 тысяч. Аплата ажыццяўляецца за тры дні да пачатку экскурсіі.