Прычынай гэтага, хутчэй за ўсё, з’яўляецца аб’ектыўная неабходнасць надаваць больш увагі развіццю адносінаў з ЕС, Расіяй і ЗША.  А паколькі магчымасці знешнепалітычнага апарата абмежаваныя, менш важныя рэгіёны свету застаюцца па-за фокусам дыпламатыі.

Зрэшты, адзначаюць эксперты BISS у новым выпуску Беларускага знешнепалітычнага індэкса, сваю ранейшую асцярожную палітыку, якая спалучае агульнае балансаванне паміж супрацьлеглымі бакамі з прыкметным нахілам у бок дзяржаў-саюзніц Захаду, беларускі ўрад працягнуў на Блізкім Усходзе. А ў рэгіёне Паўднёвай і Паўднёва-Усходняй Азіі Мінск працягвае вельмі актыўнае ўзаемадзеянне з Пакістанам, адначасова падтрымліваючы адносіны з Індыяй, якія мелі месца праз больш нефармальныя дзелавыя кантакты з удзелам адной з найбольш уплывовых фігур у беларускім кіраўніцтве — Міхаілам Мясніковічам.

На думку экспертаў, у бліжэйшы час можна чакаць некаторай актывізацыі адносінаў з краінамі, якія развіваюцца. У той жа час гэтыя адносіны будуць па-ранейшаму перажываць сур’ёзныя цяжкасці, у тым ліку ў сувязі з захоўваннем нестабільнасці і канфрантацыі на Блізкім Усходзе.

А вось паслабленне міжнароднай ізаляцыі Ірана не прывядзе да сур’ёзнага ажыўлення адносін. Гэтая краіна, як вядома, у першую чаргу арыентавана на больш хуткае развіццё адносін з ЕС, рахункі з Мінскам для яе становяцца маргінальным напрамкам.

Праблемным выглядае лацінаамерыканскі накірунак, дзе паслядоўна развіваюцца толькі адносіны з Эквадорам. Сувязі з Венесуэлай, лічаць эксперты BISS, працягваюцца хутчэй па інэрцыі і скарачаюцца з прычыны цяжкай ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў гэтай краіне. Тое ж датычыцца і Кубы. А ўзаемадзеянне з іншымі краінамі кантынента па розных прычынах носіць эпізадычны характар. І падстаў чакаць тут зменаў няма.

Сярод найбольш верагодных напрамкаў актывізацыі аналітыкі называюць Паўднёвую і Паўднёва-Усходнюю Азію, магчымасці развіцця адносін з якімі (перш за ўсё Бангладэш і Шры-Ланка) прапрацоўваліся ў апошні час у тым ліку падчас кансультацый паміж зацікаўленымі беларускімі ведамствамі і прадпрыемствамі. Захаваецца таксама высокі ўзровень узаемадзеяння з Пакістанам, у процівагу якому будуць працягнутыя кантакты з Індыяй, хоць Пакістан і застанецца пераважным для Мінска партнёрам у бліжэйшы час. Акрамя таго, варта чакаць беларускай палітычнай і эканамічнай актыўнасці ў напрамку Паўднёва-Усходняй Азіі:  развіцця дасягнутага поспеху з Тайландам, новых спробаў супрацоўніцтва з Інданезіяй, працягу традыцыйнага супрацоўніцтва з В’етнамам.

Захаваецца, лічаць эксперты, і тэндэнцыя да павелічэння кампанента ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва ў адносінах з шэрагам краін, якія развіваюцца.

Фота: news.arche.by