“Прэм`ер-міністр Біньямін Нетаньяху прыняў рашэнне не закрываць пасольства Ізраіля ў Мінску (Рэспубліка Беларусь)”, — цытуе інтэрнэт-выданне NEWSru.co.il паведамленне прэс-службы канцылярыі кіраўніка ўрада.

“Гэта рашэнне было прынята пасля серыі кансультацый з кіраўнікамі МЗС і з міністрам Элькіным, — гаворыцца ў паведамленні. “Прэм`ер-міністр лічыць важным захаванне дыпламатычнага прадстаўніцтва ў гэтай краіне”, — заявілі ў асяроддзі Нетаньяху.

Рэдакцыя NEWSru.co.il звярнулася па каментарый па гэтым пытанні ў прэс-службу МЗС Ізраіля, піша БелаПАН, дзе паведамілі, што “прынята прынцыповае рашэнне захаваць прадстаўніцтва Ізраіля ў Мінску, аднак на гэты момант невядома, у якім менавіта фармаце і складзе яно будзе працаваць”.

Паводле слоў прадстаўніка знешнепалітычнага ведамства, “узважваюцца самыя розныя варыянты: можа быць, гэта будзе консульства, можа быць, група дыпламатаў, якія дзейнічаюць у рамках культурнай місіі”.

Пра тое, што Ізраіль мае намер захаваць сваё дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Беларусі, БелаПАН паведаміла 10 сакавіка часовы павераны ў справах пасольства Ізраіля ў Беларусі Юлія Рачынскі-Співакоў. Яна адзначыла, што ў найбліжэйшыя тэрміны пасольства чакае канкрэтных указанняў з МЗС Ізраіля.

Як паведамлялася раней, у жніўні 2015 года ўрад Ізраіля падтрымаў прапанову прэм`ер-міністра Нетаньяху аб ліквідацыі сямі дыпламатычных прадстаўніцтваў у сувязі са скарачэннем выдаткаў. У ліку такіх дыппрадстаўніцтваў ізраільскі прэм`ер назваў і пасольства ў Беларусі. Крыху пазней былы ізраільскі пасол у Беларусі Іосіф Шагал паведаміў БелаПАН, што ў МЗС Ізраіля створана камісія па вывучэнні пытання аб скарачэнні сямі дыппрадстаўніцтваў у свеце. Ці закране скарачэнне пасольства ў Мінску, невядома, дадаў ён.

26 лістапада паміж Беларуссю і Ізраілем пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым.

У студзені 2016 года прэс-служба беларускага МЗС паведаміла, што ў адказ на закрыццё пасольства Ізраіля ў Мінску Беларусь закрые сваё пасольства ў Тэль-Авіве, як гэта прадугледжана “звычайнай дыпламатычнай практыкай”. “Лічым, што ізраільскі бок робіць памылку, ігнаруючы той факт, што нас звязваюць лёсы дзясяткаў тысяч людзей, для якіх Ізраіль і Беларусь з`яўляюцца блізкімі і роднымі краінамі, а таксама ў цэлым пазітыўную дынаміку двухбаковых адносін у розных сферах”, — адзначалася ў паведамленні МЗС .

 
Фота: regnum.ru