Паводле яго слоў, у рэгістрацыі адмоўлена па фармальных прычынах. “Фармальна рух называецца РДАГА “За дзяржаўнасць і незалежнасць!” (так у статуце і ў пратаколе ўстаноўчага сходу), а вось у спісе заснавальнікаў гэтага “РДАГА” няма, там напісана: “Грамадскае аб’яднанне “За дзяржаўнасць і незалежнасць!”. У Мінюсце нібыта не зразумелі, што гэта адна і тая ж арганізацыя, і палічылі спіс заснавальнікаў несапраўдным”, — распавёў БелаПАН Някляеў.

“Але, зразумела, усё яны выдатна зразумелі, — дадаў ён. — А калі б і не — маглі патэлефанаваць, напісаць, каб удакладніць. Калі перарэгістраваўся Саюз пісьменнікаў, з якімі Лукашэнка разлічваў у той час сябраваць, да мяне з Мінюста па пяць чалавек за дзень прыбягала: “а вось тут, Уладзімір Пракопавіч, не тая літара, а вось тут не тая загагулінка…” І самі ўсё перапісвалі”.

Зрэшты, лічыць палітык, “Мінюст тут ні пры чым”. “Усе мы ведаем, хто ў Беларусі ўсіх рэгіструе ці не рэгіструе, саджае ці не саджае. Хоць Някляева, хоць Чыжа”, — сказаў ён.

Акрамя Някляева заснавальнікамі руху выступілі першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч, першы беларускі лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты, нядаўні палітвязень Мікалай Статкевіч, прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч, палітык і літаратар Лявон Баршчэўскі і многія іншыя вядомыя палітыкі, дзеячы культуры, грамадскія дзеячы. Аднак, як мяркуе Някляеў, “справа не ў тым, каму адмовілі”.

“Справа ў тым, у чым адмовілі, — падкрэсліў ён. — Беларуская дзяржава адмовіла ў грамадскай ініцыятыве, накіраванай на захаванне дзяржаўнасці і незалежнасці краіны! І гэта пры відавочнай небяспецы для нашай незалежнасці і дзяржаўнасці”. “Гэта не проста парадокс. І не проста чарговы плявок у бок грамадзянскай супольнасці, чых на свабоду, дэмакратыю, права. Гэта канстатацыя таго, як мы рэальна існуем: грамадства і дзяржава. Асобна. У паралельных светах”, — рэзюмаваў Някляеў.

Ён не бачыць сэнсу праводзіць новы ўстаноўчы сход і зноў падаваць дакументы на рэгістрацыю ў Мінюст. “Як паказвае вопыт усіх незарэгістраваных арганізацый, гэта бессэнсоўная хада па крузе. Мы зарэгіструем рух “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі!” як міжнароднае аб’яднанне. У Лукашэнкі як бы абавязак, а ў нас — права, грамадзянскі абавязак змагацца за Беларусь. Мы многае можам для яе зрабіць — і зробім. Хто б нам ні спрабаваў перашкодзіць”, — дадаў палітык.

Устаноўчы сход руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі!” адбыўся ў студзені, праз месяц дакументы былі пададзены ў Мінюст. Някляеў тады меркаваў, што “ўлада не зможа знайсці пераканаўчае тлумачэнне адмовы ў рэгістрацыі патрыятычнага грамадскага аб’яднання, мэта якога — захаванне і ўмацаванне дзяржаўнасці і незалежнасці краіны”.

БелаПАН.