Указам прэзідэнта ад 15 сакавіка 2016 года № 98 «Аб удасканаленні парадку перадачы паведамленняў электрасувязі» ствараецца «сістэма процідзеяння парушэнням парадку пропуску трафіку на сетках электрасувязі».

На сайце Нацыянальнага прававога партала, паведамляе «НН«, даецца кароткае тлумачэнне дакумента. Паводле яго, беларусам «забараняецца выкарыстоўваць праграмныя і тэхнічныя сродкі … для пераўтварэння пратакола абмену дадзенымі … з выкарыстаннем абаненцкіх нумароў, якія не належаць абаненту».

Калі ўсё ж карыстальнік спрабуе парушыць новыя правілы, правайдар мусіць заблакаваць трафік тэлефаніі па IP-пратаколу.

Аператыўна-аналітычны цэнтры пры прэзідэнце, які будзе каардынаваць новаўвядзенне, пакуль не каментуе ўказ.

Выглядае, што сутнасць указа менавіта ў дадатковым кантролі за IP-тэлефаніяй ці нават яе абмежаванні або забароне. Што гэта за тэхналогія? Па ёй, напрыклад, працуюць такія папулярныя праграмы, як «Вайбер» і «Скайп».

Раней «Белтэлекам» заклікаў да ўкаранення замест іх сваёй праграмы, «Максіфон». Яна працуе па тым жа прынцыпе, «прывязваючы» акаўнт карыстальніка да стацыянарнага нумару тэлефона.

Фото: invoip.net