Указ прадугледжвае, што сельгасарганізацыя, прадаючы свайму работніку заселенае ім жыллё, пабудаванае з прыцягненнем ільготнага крэдыту ААТ “Белаграпрамбанк”, які не пагашаны, перакладае на грамадзяніна гэты абавязак. Пры гэтым работнік пагашае яго на працягу не больш за 40 гадоў пад 1% гадавых пры ўмове наступнай працы ў арганізацыі не менш за 15 гадоў.

Незаселеныя жылыя памяшканні прадаюцца грамадзянам, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу прэзідэнта, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў у сельскагаспадарчай арганізацыі. У выпадку адсутнасці тых, хто мае патрэбу, продаж такога жылля можа адбывацца на аўкцыёне.
Мінімальны кошт жылля пры прамым продажы грамадзянам павінен быць не меншым за балансавы (аднаўленчы) кошт жылых памяшканняў на 1 студзеня года, у якім яны прадаюцца.

Работнікі сельгасарганізацый, арганізацый сацыяльна-культурнай сферы, спажывецкай кааперацыі, органаў унутраных спраў, якія пастаянна пражываюць і працуюць у сельскіх населеных пунктах, а таксама звольненыя з гэтых арганізацый у сувязі з выхадам на пенсію, могуць плаціць за жыллё да 20 гадоў штомесяц роўнымі долямі без індэксацыі плацяжоў і ўнясення першапачатковага ўнёску.

Сродкі ад продажу жылых памяшканняў паступаюць у распараджэнне сельскагаспадарчых арганізацый (акрамя сумы доўгу, які пераводзіцца, па льготным крэдыце і сумы, выдзеленай з бюджэту на будаўніцтва гэтых памяшканняў).

Сельгасарганізацыі могуць прымаць рашэнні аб продажы жылых дамоў без правазасведчвальных дакументаў (тэхнічнага пашпарта, акта на зямлю, пасведчання аб рэгістрацыі ў адзіным дзяржаўным рэгістры нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй).

Мясцовыя саветы дэпутатаў надзяляюцца паўнамоцтвамі ўсталёўваць парадак прыняцця рашэнняў аб продажы жылых памяшканняў, якія знаходзяцца як у камунальнай, так і ў рэспубліканскай уласнасці.

Згодна з указам № 97, мясцовыя саветы дэпутатаў і орган кіравання сельскагаспадарчай арганізацыі вызначаюць неабходны для набыцця жылога памяшкання стаж працы грамадзяніна і членаў яго сям’і ў сельскагаспадарчай арганізацыі (але не больш за 15 гадоў), а таксама падставы для адмовы грамадзянам у набыцці жылля і іншыя ўмовы.

Чакаецца, што рэалізацыя норм указа паспрыяе замацаванню кадраў у сельскагаспадарчых арганізацыях на тэрмін не менш за 15 гадоў, паменшыць закрэдытаванасць сельскагаспадарчых арганізацый і нагрузку на іх па ўтрыманні і абслугоўванні жылога фонду.

Указ дазволіць улічваць інтарэсы работнікаў сельгасарганізацый, арганізацый сацыяльна-культурнай сферы, спажывецкай кааперацыі, органаў унутраных спраў, а таксама звольненых з іх грамадзян у сувязі з выхадам на пенсію. Дакумент устанаўлівае адзіны парадак продажу жылых памяшканняў дзяржаўнага жылфонду на тэрыторыі адной адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, гаворыцца ў паведамленні.