Тры шляхі рэформаў

Існуе тры варыянты змянення Канстытуцыі. Першы — гэта ўносіць праўкі ў дзеючы Асноўны закон. «Але дзеючая Канстытуцыя была ўведзеная пасля рэферэндуму ў лістападзе 1996 года насуперак рашэнню Канстытуцыйнага суда аб дарадчым характары пытанняў рэферэндуму, што да змен у Канстытуцыю. З фактычным парушэннем закона. Таму як юрыст, як суддзя Канстытуцыйнага суда, я магу сцвярджаць, што гэтая рэдакцыя Канстытуцыі не мае легітымнага характару», — кажа Пастухоў. Адпаведна, змены ў яе таксама будуць насіць сумнеўны характар з пункту погляду легітымнасці, піша “НЧ“.

Другі варыянт — напісанне новай Канстытуцыі. «Але яе трэба распрацаваць, а гэта — працэс доўгі і цяжкі. Распрацоўка Канстытуцыі 1994 года вялася амаль чатыры гады — ажно ад 1990 года, калі была прынятая Дэкларацыя аб суверэнітэце Беларусі», — заўважае Пастухоў.

Трэці варыянт — вяртанне да Канстытуцыі 1994 года, і ўжо ў яе ўносіць змены і дапаўненні. «Гэта найбольш апраўдана з пункту гледжання закона. Змены і дапаўненні ў яе павінны ўносіцца ва ўстаноўленым законам парадку, праз дэмакратычна абраны парламент і праз правядзенне рэферэндуму. Калі мы жадаем узнавіць у краіне канстытуцыйную законнасць, трэба пачаць з аднаўлення незаконна адрынутай Канстытуцыі 1994 года. Гэты варыянт — найбольш прымальны», — лічыць эксперт.

 «Мне падаецца, што Канстытуцыя 1994 года ў дастатковай ступені адлюстроўвае нацыянальныя асаблівасці Беларусі, гістарычны шлях развіцця, яна ўспрыняла гістарычныя сімвалы, зацвердзіла беларускую мову як адзіную дзяржаўную, адлюстравала традыцыі і менталітэт беларускага народа, слушна вызначыла прыярытэты развіцця. Таму я за тое, каб узнавіць дзеянне Асноўнага закона 1994 года на новым гістарычным этапе», — кажа Пастухоў.

Асноўны закон павінен дзейнічаць

Самае галоўнае, што трэба зрабіць з Канстытуцыяй, — гэта ўвесці яе абавязковае дзеянне. «Канстытуцыя павінна быць законам наўпроставага дзеяння, і ўсе палажэнні, якія ў ёй прапісаныя, павінны быць не дэкларацыямі, а рэальна дзеючымі нормамі. Якія, у сваю чаргу, павінны ажыццяўляцца праз так званае «бягучае заканадаўства», — кажа юрыст.

Зараз Канстытуцыя не мае наўпроставага дзеяння. І таму, калі яе палажэнні ўступаюць у супярэчлівасць з дэкрэтамі, указамі і іншымі законамі, дзейнічае зусім не Канстытуцыя. А павінна быць наадварот.

Без прэзідэнта

На думку Пастухова, з новай Канстытуцыі адназначна павінна быць выкраслена пасада прэзідэнта. «Практыка паказала, што адзінаасобная ўлада ў краіне сябе вычарпала. Яна ў прынцыпе не дапушчальная і супярэчыць асноўным прынцыпам дзяржаўнага ладу, прынцыпу падзелу галінаў улады, вяршэнства Канстытуцыі і законаў, павагі правоў чалавека. Таму, на маю думку, трэба вярнуцца да парламенцкай формы дэмакратыі», — лічыць Пастухоў.

Акрамя ліквідацыі «адзінаўладдзя» такая рэформа дасць шмат выгодаў для бюджэту. «У гэтай мадэлі старшыня парламента выконвае функцыю кіраўніка дзяржавы. Прычым, ён выконвае яе фактычна на грамадскіх пачатках. І ўвесь абслугоўваючы апарат, усе службы, якія створаныя пры кіраўніку дзяржавы, уласна кажучы, не патрэбныя для нармальнага развіцця дзяржавы і грамадства», — падкрэслівае юрыст.

Ён прызнае, што пытанне гэта няпростае, патрабуе ўсенароднага абмеркавання, і, можа быць, рэферэндуму. «Але ўсё ж ці патрэбная невялікай Беларусі такая пасада, калі яго функцыі на грамадскіх пачатках, проста па сумяшчальніцтву, можа выконваць старшыня парламента?» — задаецца пытаннем Пастухоў.

Аднапалатны парламент

Другая рэформа, якую прапануе Пастухоў, — аднаўленне аднапалатнага парламента. «Відавочна, што другая палата парламента — Савет рэспублікі, — не патрэбная. Мадэль двухпалатнага парламента сябе не апраўдала. Я не бачу вынікаў яе дзейнасці. У нас быў аднапалатны парламент, ён быў незаконна распушчаны, і я лічу, што ёсць усе прававыя падставы, каб узнавіць яго дзейнасць», — лічыць былы суддзя Канстытуцыйнага суда.

Урад: прафесійны і выбарны

«У нас у краіне фактычна няма ўрада, — заўважае Пастухоў. — Тое, што ёсць, — гэта нейкі філіял, прыдатак Адміністрацыі прэзідэнта, на які спрабуюць спіхнуць усю адказнасць за правалы ў развіцці эканомікі краіны. Усім ужо зразумела, што кіруе краінай не ўрад, а адна асоба. І ўрад пад назвай «Савет міністраў» проста не выконвае свае функцыі, бо ён несамастойны».

А краіне патрэбны самастойны кампетэнтны і адказны ўрад. На думку Пастухова, гэты ўрад павінен абірацца парламентам, несці перад ім адказнасць. І дзейнічаць урад павінен згодна з праграмай эканамічнага развіцця, якую зацвярджае парламент па прапанове ўрада.

«Гэта павінен быць мабільны, прафесійны ўрад, які ведае, як вывесці краіну з працяглага эканамічнага крызісу», — дадае Пастухоў.

Судовая незалежнасць

Выбарнымі павінны быць і суддзі. «Зараз усім зразумела, што ў Беларусі няма незалежнай судовай улады. Суддзі — гэта чыноўнікі, якія прызначаюцца кіраўніком дзяржавы і абслугоўваюць інтарэсы выканаўчай улады. Таму што амаль напоўніцу ад яе залежаць — у фінансавым, матэрыяльным плане, і нават кар’ерным: у плане прызначэння на пасаду і прасоўвання па гэтай пасадзе», — зазначае ён.

Па меркаванні Пастухова, парламент павінен абіраць на альтэрнатыўнай аснове суддзяў вышэйшых судоў, а суддзі ніжэйшых узроўняў — раённых і абласных, — павінны абірацца мясцовымі саветамі дэпутатаў з кандыдатур, вылучаных прафесійнай супольнасцю. «Трэба ўзнавіць пасаду суддзі як аўтарытэтную і паважаную пасаду. На яе трэба абіраць найбольш вартых таго юрыстаў», — адзначае ён.

Больш за тое, Пастухоў лічыць, што і на іншыя пасады такога кшталту — органаў МУС, пракуратуры, дзяржаўнай бяспекі, следчых органаў, — людзі павінны абірацца шляхам конкурснага адбору. А парламент павінен толькі «дабраслаўляць» такія прызначэнні на ключавыя пасады ў дзяржапараце.

Каб такія абранні сталі магчымымі, неабходна, як кажа Пастухоў, узнавіць у гарадах «магдэбургскае права». «З 1995 года ў нас фактычна знішчана мясцовае самакіраванне. Неабходна прыняць захады, каб узнавіць мясцовую ўладу, якая павінна фармавацца насельніцтвам гэтых месцаў і не залежаць ад цэнтральнай улады. Ніякай «прэзідэнцкай вертыкалі» быць не можа па вызначэнні. Мясцовыя выканаўчыя органы павінны фармаваць мясцовыя ж Саветы дэпутатаў. Ну а кіраўнікоў гарадоў, мэраў, можна абіраць на агульных мясцовых выбарах», — зазначае эксперт.

У сакавіцкія дні 1994 года актыўна ішла дапрацоўка першай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якую прынялі 15 сакавіка за подпісам тагачаснага старшыні Вярхоўнага Савета 12 склікання Мечыслава Грыба. Калі б у сакавіку 1994 года інстытут прэзідэнцтва не ўвялі, Беларусь засталася б парламенцкай рэспублікай, як Італія ці Германія. Фота www.gs.by

Складана ці проста?

Падаецца, што правак у Канстытуцыю давядзецца ўносіць шмат. Але, насамрэч, як кажа Пастухоў, каб прывесці Асноўны закон у адпаведнасць з новымі рэаліямі, выпраўляць прыйдзецца не так ужо і багата. Праўкі будуць хоць важнымі, але маленькімі. Напрыклад, што тычыцца раздзела пра прэзідэнта, напісаць: «Выключаны». У артыкуле 5-м варта напісаць, што свабода палітычных партый і аб’яднанняў дзяржавай «гарантуецца», а не што яны проста «садзейнічаюць выказванню палітычнай волі грамадзян». Артыкул 24, датычны смяротнага пакарання, складаецца з трох слоў: «Смяротная кара адмененая». Сацыяльныя абавязкі дзяржавы ўдакладняюцца: яна не проста гарантуе «дастойную аплату працы», а замацоўвае, што мінімальны заробак і дапамога па беспрацоўі не могуць быць ніжэй вызначанага пражытковага мінімуму.

Пастухоў, як прыхільнік прафесійнага войска, мяркуе выключыць з Асноўнага закона «абавязак» праходжання тэрміновай вайсковай службы. Да таго ж (зноў «састарэласць» Канстытуцыі) у краіне ўжо ёсць альтэрнатыўная служба.

А замест пасады прэзідэнта Пастухоў прапануе замацаваць у Канстытуцыі інстытут упаўнаважанага Рэспублікі Беларусь па правах чалавека.

«Новую рэдакцыю Канстытуцыі 1994 года я магу прапанаваць хоць сёння», — заўважае Пастухоў. На паперы ўсе гэтыя праўкі — драбяза. Але гэтая драбяза абумоўлівае існаванне Беларусі як прававой, дэмакратычнай і суверэннай дзяржавы.

Ці не ахлакратыя?

Ці не занадта Пастухоў прапануе выбарных пасадаў? Дзе гарантыя, што выбраны парламент будзе прафесійны, выбраны ўрад — кваліфікаваны, што выбарныя судзі — справядлівыя?

«Вы пытаецеся, як мы будзем жыць без цара, грознага і справядлівага, — смяецца Пастухоў. — Я думаю, што беларусы ўжо выраслі за дваццаць год у сваім развіцці, яны даказалі, што могуць самі вырашаць свае праблемы. Калі парламент ім дасць свабоду, — канешне, кантралюючы выкананне законаў, — то я думаю, што беларусы за некалькі гадоў дасягнуць узроўню жыцця Еўропы».

«Для гэтага не патрэбны нейкі цар. Для гэтага патрэбныя празрыстыя правілы гульні, празрыстыя законы, якія будуць выконвацца. За два-тры гады мы можам забяспечыць такі ўзровень жыцця, як у Польшчы альбо Прыбалтыцы. А цар Беларусі не патрэбны», — упэўнены Пастухоў.

Фота з сайта “НЧ”