Акрамя ўдзелу ў галоўнай канцэртнай праграме мерапрыемства, якая будзе адбывацца па вечарах на 30 клубных сцэнах гораду, беларусы гэтым разам выступяць і ў дадатковай праграме, якая будзе адбывацца ўдзень на 19 гарадскіх сцэнах.

Гарадскія сцэны Tallinn Music Week будуць знаходзіцца ў самых розных месцах – ад кафэ і гандлёвых цэнтраў да аўтобусаў і трамваяў. Уваход на іх у адрозненне ад вячэрняй праграмы цалкам бясплатны. Арганізатары абралі для гэтай часткі беларускі электронны праект Mustelide.

– Мэта гарадскіх сцэн – данесці святочны настрой да ўсяго горада. Напрыклад, вы ідзеце звыклым маршрутам па сваіх штодзённых справах, як раптам з-за кутана вуліцу выязджае трамвай з жывой музыкай, – распавядае Раймонд Пылдмаа, мэнэджэр праграмы гарадскіх сцэн фестывалю Tallinn Music Week.

Mustelide выступіць і ў межах вячэрняй праграмы фестывалю. Таксама ў Талін ад Беларусі ў гэтым годзе едуць маладыя рокеры Teleport, фолк-электроншчыкі Pawa і бітмэйкер Awlnight. Партнёр фестываля ў Беларусі – сайт Experty.by.

Шоўкейс-фестываль Tallinn Music Week штогод збірае таленты з Еўропы і іншых краін свету. У гэтым годзе ў асноўнай праграме на ім выступяць 237 артыстаў з 33 краін. Акрамя музычнай праграмы для наведвальнікаў Tallinn Music Week прадугледжана арт-праграма, дызайн-маркет, праграма кафэ і рэстаранаў, а таксама Tallinn Craft Beer Weekend. Да 20 сакавіка агульны квіток на ўсе дні і ўсе канцэрты фестывалю каштуе 50 еўра. Для падарожжа на Tallinn Music Week аўтобусы Lux Express даюць 30% зніжкі. Дадатковая інфармацыя пра фэст і расклад выступаў на афіцыйным сайце www.tmw.ee