У ліку сёлетніх намінантаў разнастайныя прадстаўнікі сучаснай беларускай музычнай сцэны. Больш за ўсё рокераў: ад грандаў у асобе «Крамбамбулі» да больш маладых Re1ikt, Super Besse, NABR і Teleport. Акрамя таго ў спісе ёсць індзі-гурты «Серебряная свадьба», «Кассиопея» і Hamlet His Highness, фолк-каманды Shuma, Kazalpin і Irdorath, а таксама аўтар-выканаўца Паліна Рэспубліка.

– Год быў вельмі багатым на якасныя рэлізы – усе вартыя ўвагі працы нават тэарэтычна не маглі змясціцца ў намінанты. Дастаткова прыгадаць альбомы Brutto, Змітра Вайцюшкевіча, Nizkiz, «J:морс», Neuro Dubel і шмат каго яшчэ. Але такая канкурэнцыя ідзе толькі на карысць беларускай музыцы, – лічыць  кіраўнік праекта Experty.by Зміцер Безкаравайны.

Другі год запар намінанты названыя адзіным спісам, без згадкі назваў і колькасці намінацый, у якіх яны заяўленыя.

Пераможцы ў 10 намінацыях будуць абвешчаныя 16 сакавіка на адмысловай цырымоніі. Уладальнік узнагароды ў намінацыі «Альбом года» атрымае галоўны прыз – рэкламна-інфармацыйную падтрымку сольнага канцэрта ад інтэрнэт-аператара «Атлант Тэлекам». У мінулыя гады сярод пераможцаў узнагарод былі Port Mone, Pukstband, «Троіца», «Серебряная свадьба», Зміцер Вайцюшкевіч, The Toobes, «Ляпис Трубецкой» і іншыя артысты.