Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Беларуская дэлегацыя ў складзе намесніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марата Маркава, каардынатара праектаў медыяхолдынга і Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС) Вольгі Саламаха і кіраўніка праекта «Еўрабачанне» ў Беларусі» Вольгі Шлягер прыме ўдзел у сустрэчы кіраўнікоў дэлегацый краін — удзельніц конкурсу, якая пройдзе 13-15 сакавіка ў Стакгольме (Швецыя). «Арганізатарам шоу, паведамляе БЕЛТА, будзе прадстаўлены пакет матэрыялаў,  неабходны для ўдзелу афіцыйнага прадстаўніка нашай краіны ў міжнародным конкурсе, у тым ліку відэа выступлення на нацыянальным адборы, якое будзе трансліравацца на нацыянальных каналах усіх краін — удзельніц «Еўрабачання», — расказалі ў прэс-службе. — Гэта будзе садзейнічаць пазнаваемасці нашага артыста за мяжой».

Там растлумачылі, што беларускія тэлегледачы таксама будуць мець магчымасць пазнаёміцца з удзельнікамі іншых краін на «Еўрабачанні-2016». Плануецца, што ў эфіры «Беларусь 1» і «Беларусь 24» будзе паказана відэа ўсіх выканаўцаў, якія складуць канкурэнцыю Аляксандру Іванову (выступае пад псеўданімам IVAN). Усяго ў гэтым конкурсе прымуць удзел 43 краіны.

Па выніках жараб’ёўкі, IVAN выступіць у першай частцы другога паўфіналу, які адбудзецца 12 мая. Разам з ім за выхад у фінал будуць змагацца выканаўцы з Албаніі, Аўстраліі, Бельгіі, Балгарыі, Даніі, Македоніі, Грузіі, Ірландыі, Ізраіля, Латвіі, Літвы, Нарвегіі, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Славеніі, Швейцарыі і Украіны.

Канчатковы парадак выступленняў паўфіналістаў прадзюсары песеннага форуму вызначаць пазней. Такая сістэма размеркавання канкурсантаў дзейнічае ўжо некалькі гадоў і дае магчымасць арганізатарам рабіць шоу яркім і запамінальным.

Акрамя гэтага, у прэс-службе расказалі, што ў студзені прадстаўнікі Белтэлерадыёкампаніі ў якасці членаў журы прымалі ўдзел у нацыянальным мальтыйскім адборы на конкурс песні «Еўрабачанне», а 12 сакавіка ў складзе журы будуць ацэньваць выступленні фіналістаў шведскага Melodifestivalen.

Фінал «Еўрабачання-2016» адбудзецца 14 мая, паўфіналы пройдуць 10 і 12 мая. Швецыя будзе прымаць у сябе конкурс шосты раз.

Фота БЕЛТА

Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу традыцыйна будуць весці тэлеканалы «Беларусь 1» і «Беларусь 24».