«Хацела б падзяліцца з усімі добрымі навінамі. Нарэшце выйшаў у свет падручнік «Спрабуйма!: Азнаямляльна-пачатковы курс беларускай мовы для японцаў. Частка I», які я сумесна напісала са спадарыняй Таццянай Рамзая (дацэнт БДУ) пад рэдакцыяй спадара Тасінобу Усуямы (прафесар Цукубскага універсітэта)», – паведамляе на сваёй старонцы ў Facebook беларускамоўная японка Сіоры Кіасава. Спрабуйма Падручнік складзены на аснове распрацаваных матэрыялаў па прадмеце „Славянскія мовы і культуры», які выкладаўся на факультэце гуманітарных навук Цукубскага універсітэта ў 2015 годзе.

Японцы выпусцілі падручнік беларускай мовы

 
«Гэтая кніга з’яўляецца першым практычным падручнікам пачатковага курсу беларускай мовы ў Японіі, – піша Сіоры Кіасава. – Пры выданні гэтага падручніка неацэнную дапамогу аказалі мне мае паважаныя настаўнікі з Японіі і Беларусі: прафесар Тасінобу Усуяма (рэдактар ​​кнігі) і спадарыня Таццяна Рамзая (сааўтар кнігі). А таксама я вельмі ўдзячная тым людзям, са знаёмства з якімі пачалося маё вывучэнне беларускай мовы».
 
«Падручнік атрымаў выдатную назву «Спрабуйма!». Спадзяюся, што гэтая першая «спроба» вывучэння беларускай мовы перарасце ў далейшым у глыбокую цікавасць да культуры, гісторыі і ўсяго іншага, чым так прывабная Беларусь», – піша японка, перадае Беларускае Радыё Рацыя.