У аўторак у Мазыры паветра прагрэлася да +15,8 градуса, што болей за рэкорд, пастаўлены 41 год таму: раней максімум гэтага дня складаў +13,3 градуса і быў зафіксаваны 8 сакавіка 1975 года ў Пружанах.

У самім Мазыры максімум да гэтага складаў 11,2 градуса вышэй за нуль (2014 год). У Гомелі новы рэкорд складае +13,2 градуса (быў 11,9 у 1995 годзе). У астатніх абласных цэнтрах і ў сталіцы дзённыя максімумы ўтрымаліся, паведамляе Еўрарадыё.

Пацяпленне, якое прыйшло ў Беларусь на сакавіцкія святы, будзе нядоўгім: па прагнозах сіноптыкаў, у сярэдзіне месяца ў краіну вернуцца халады са снегападамі. Ужо ў канцы гэтага тыдня дзённая тэмпература паветра апусціцца да 1-2 градусаў цяпла, а ўначы чакаюцца маразы.