Яе абвінавачваюць у спрычыннасці да смерці дваіх журналістаў расійскага дзяржаўнага тэлебачання, якія загінулі 17 чэрвеня 2014 года ў Луганскай вобласці Украіны. Паводле следства, Саўчанка з вышкі навяла артылерыйскі агонь на мірных жыхароў каля пасёлка Металіст. Пад гэтым агнём і загінулі журналісты.

Сама лётчыца адмаўляе абвінавачанні. Яе абарона даказвала, што яна трапіла ў палон да таго, як загінулі журналісты, а абстрэл вялі ўзброеныя баевікі “ЛНР”. Абвінавачанне патрабуе для Саўчанка 23 гады турмы.

3 сакавіка жанчына павінна была выступіць з апошнім словам, аднак суд перанёс гэты выступ на 9 сакавіка. Гэта выклікала ў Саўчанка бурную рэакцыю і яна абвясціла сухую галадоўку на знак пратэсту супраць зацягвання яе справы, паведамляе Еўрарадыё. Адвакаты лётчыцы не стануць абскарджваць прысуд: пакуль ён не набудзе моц, перамовы пра абмен Саўчанка на расіян, якіх утрымлівае Украіна, не пачнуцца. 

Сёння актывісты беларускай апазіцыі маюць зноў сабрацца на пікет ля расійскай амбасады ў Мінску, каб выказаць салідарнасць з украінкай. Нагадаем, што першы пікет адбыўся ўвечары 7 сакавіка. На яго прыйшло каля 20 чалавек — пераважна палітычныя і грамадскія актывісты: Зміцер Дашкевіч, Алесь Міхалевіч, Алесь Макаеў ды іншыя. Некаторыя трымалі плакаты “Пуцін — забойца”, “Путлера ў Нюрнберг”, “Расія — гэта вайна”, “Героям слава”. Актывістка Ніна Багінская прыйшла да амбасады з бел-чырвона-белым сцягам.

Акцыі ў падтрымку ўкраінскай лётчыцы праходзяць гэтымі днямі па ўсім свеце.

Тым часам 300 дзеячаў сусветнай культуры, навукі і бізнэсу, сярод якіх нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч, падпісалі зварот да еўрапейскіх лідараў. У ім гучыць патрабаванне зрабіць неадкладныя захады для вызвалення выкрадзенай расійскімі уладамі Надзеі Саўчанка.

Фота: EPA