Сваю прапанову Падгол абгрунтоўвае звесткамі СМІ, у тым ліку дзяржаўных, згодна з якімі наркатычныя рэчывы паступаюць у Беларусь праз мяжу з Расіяй. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра інфармацыю па крымінальнай справе ў дачыненні да буйной сеткі распаўсюджвальнікаў псіхатропаў, наркадылераў “групы Зайцава”, якіх 4 сакавіка Мінскі абласны суд прыгаварыў да працяглых тэрмінаў зняволення.

Аўтар ліста таксама прыводзіць паведамленне прэс-групы Брэсцкай мытні аб распачынанні 4 сакавіка трох крымінальных спраў пасля затрымання расіян з забароненымі курыльнымі сумесямі і таблеткамі, якія змяшчаюць псіхатропы.

Падгол звяртае ўвагу кіраўніка дзяржавы на тое, піша БелаПАН, што факты выяўлення наркотыкаў адбываюцца пры спробах перавезці іх праз заходнюю мяжу Беларусі, у той час як усходнюю мяжу з Расіяй яны перасякаюць бесперашкодна. Акрамя таго, піша палітолаг, яго размовы з рознымі людзьмі паказалі: “тыя, ад каго залежыць увядзенне наркакантролю на мяжы з Расіяй, маюць сваю долю ад наркатрафіку”, яны “хочуць знішчыць моладзь Беларусі наркаатрутай”, а таксама “баяцца пагроз наркаалігархаў”.

Адкрыты ліст Лукашэнку Падгол накіраваў 8 сакавіка, у Дзень жанчын. “Уявіце, які шыкоўны падарунак маглі б вы зрабіць жанчынам нашай рэспублікі: увесці наркакантроль на мяжы з Расіяй, — піша ён. — Тады дзеці былі б значна больш абароненыя ад наркапагрозы. Нявесты не насілі б перадачы ў турмы і рэанімацыі для сваіх жаніхоў”.

Аўтар ліста таксама паведамляе, што праграма Партыі БНФ, членам якой ён з’яўляецца, утрымлівае палажэнне аб стварэнні паўнавартаснай мяжы Беларусі і Расіі, уключаючы наркакантроль. “Звяртаюся да вас з надзеяй, што, вырашаючы гэтае пытанне, вы будзеце думаць пра лёс свайго малога сына Колі і ўнучак, як і я думаю пра лёс свайго малога сына Марыуша і ўнукаў”, — гаворыцца ў канцы адкрытага ліста.

 
Фото: hibiny.com