«Мы павінны зрабіць усё, каб гэтая акцыя стала штодзённай, — заявіла БелаПАН грамадская актывістка Вольга Нікалайчык. — Хай хоць па адным чалавеку прыходзяць да пасольства і стаяць па 40 хвілін. Мы будзем мяняцца, піць гарбату, каву, грэцца па паўгадзіны, але мы павінны гэта рабіць кожны дзень. Калі мы не здолеем, то пакажам сваю слабасць».

Сёння, паводле слоў Нікалайчык, удзельнікі акцыі маюць намер прастаяць каля пасольства да 18.00, а затым яны плануюць ускласці кветкі да помніка Тараса Шаўчэнкі, чый дзень нараджэння адзначаецца сёння.

У сваю чаргу актывіст апазіцыі Максім Вінярскі адзначыў: хай акцыя нешматлікая, але яе ўдзельнікі маюць намер заставацца каля пасольства Расіі да вечара. Невялікая колькасць людзей ён растлумачыў тым, што акцыя праходзіць у працоўны час.

Несанкцыянаваны пікет каля пасольства РФ пачаўся сёння ў 11.00 — у гэты час у Данецку (Растоўская вобласць РФ) пачаўся суд над ўкраінскай лётчыцай. У пікавы момант каля пасольства налічвалася 14 чалавек. Цяпер іх колькасць зменшылася, затое стала больш супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным, якія працягваюць назіраць за тым, што адбываецца. У іх ліку намеснік начальніка міліцыі грамадскай бяспекі ГУУС Мінгарвыканкама Максім Грышчанка. З пасольста да пікетчыкаў ніхто не выйшаў. Акцыя выклікала цікавасць у прахожых, аднак рэакцыя людзей неадназначная.

34-гадовая Надзея Саўчанка абвінавачваецца ў датычнасці да забойства ў чэрвені 2014 года журналістаў здымачнай групы Усерасійскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі на тэрыторыі, кантраляванай данбаскімі сепаратыстамі. Яна апынулася ў расійскім СІЗА, гвалтоўна вывезеная з украінскай тэрыторыі. У сваю чаргу расійскі бок сцвярджае, што лётчыца перайшла мяжу самастойна. 3 сакавіка Саўчанка абвясціла чарговую — гэтым разам сухую — галадоўку, пасля таго як на судзе ёй не далі выступіць з апошнім словам і перанеслі пасяджэнне на 9 сакавіка. Абвінавачанне патрабуе прыгаварыць Саўчанку да 23 гадоў пазбаўлення волі. Сёння яна выступіла ў судзе з апошнім словам, пасля чаго было абвешчана, што вынясенне прысуду адбудзецца 21 і 22 сакавіка.

 
Фота з сайта БелаПАН