«Паводле сённяшніх разлікаў, вясна ў нашай краіне чакаецца цёплай, сярэднесезонная тэмпература паветра будзе на 1-1,5 градуса вышэйшай за кліматычную норму. Па паўднёвай палавіне чакаецца колькасць ападкаў вышэйшая за норму, у паўночных рэгіёнах — блізкая да сваіх кліматычных значэнняў, перадае БЕЛТА. Гэта сведчыць аб тым, што ў прынцыпе вясна ў гэтым годзе ў нас будзе вільготнай», — сказаў Дзмітрый Рабаў. Паводле яго слоў, ападкі спрыяльна паўплываюць, у прыватнасці, на гідралагічную абстаноўку.

Гаворачы аб надвор’і на бліжэйшы час, начальнік службы адзначыў, што ўсталюецца спакойнае надвор’е, у першую дэкаду сакавіка сярэдняя тэмпература паветра будзе вышэйшая за норму на 5-7 градусаў. Ападкаў чакаецца няшмат, яны будуць кароткачасовымі і праходзіць месцамі. У бліжэйшыя чацвер-пятніцу тэмпература ноччу будзе ад мінус 5 па поўначы да плюс 2 у паўднёвых рэгіёнах. Днём складзе ад 0 да плюс 8. У суботу надвор’е зменіцца. «З Міжземнага мора пачнуць паступаць больш цёплыя, але па-ранейшаму вільготныя паветраныя масы, чакаецца непрацяглы ўсплёск цяпла. У нядзелю і панядзелак тэмпература паветра ў начны час будзе станоўчая — ад плюс 1 да плюс 6 градусаў, днём — 4-10, а ў паўднёвых рэгіёнах — да плюс 13 градусаў цяпла», — паведаміў спецыяліст.

«Да канца першай дэкады нас чакае непрацяглае пахаладанне. Тэмпература паветра ў начны час чакаецца ад мінус 5 па поўначы да слабастаноўчых у паўднёвых рэгіёнах, дзённая тэмпература будзе ад нуля да плюс 6», — сказаў Дзмітрый Рабаў. Сярэдзіна месяца (15-20 сакавіка) чакаецца з затокам халоднага паветра, асабліва па паўночнай палавіне. У начны час тэмпература там будзе апускацца да мінус 13 градусаў. У пачатку трэцяй дэкады зноў прыйдзе больш цёплае і камфортнае надвор’е.

У цэлым сакавік чакаецца цяплейшым, чым звычайна. Сярэдняя тэмпература паветра будзе на 1 градус вышэйшая за кліматычную норму (мінус 3 — плюс 1). Сярэднямесячная колькасць ападкаў таксама мяркуецца вышэйшая за кліматычную норму. Ападкі будуць выпадаць у выглядзе дажджу і мокрага снегу.

Фота: БЕЛТА