Беларусь разлічвае на замежныя грошы. Як ужо паведамлялася, новая крэдытная праграма Беларусі з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця (ЕФСР) разлічана на два гады. Такая інфармацыя прыводзіцца ў лютаўскім эканамічным аглядзе кампаніі “ВТБ Капітал”.

“Мы разумеем, што праграма Беларусі з МВФ будзе ўключаць тры роўныя траншы па 1 млрд даляраў кожны, у той час як праграма з Еўразійскім фондам стабілізацыі і развіцця складаецца з першага траншу ў памеры 1,1 млрд даляраў ў 2016 годзе і трох траншаў у 2017-м — на 500 млн, 300 млн і 200 млн даляраў”, – гаворыцца ў аглядзе.

Па словах эканаміста Барыса Жалібы, грошы еўразійскага фонда пойдуць на пагашэнне запазычанасцей.

“Яны не выратуюць сітуацыю, таму ў гэтым годзе беларускім уладам неабходна аддаць пазыкі – больш за 3 мільярды даляраў, – адзначае эксперт. – Таму зараз улады робяць усё магчымае, каб атрымаць крэдыт МВФ. З ім будзе хоць нейкая падушка бяспекі, хоць лепш ад гэтага беларусы жыць не стануць. Беларуская эканоміка разам з расійскай прыйшлі да таго, што мы жывем у поўнай залежнасці ад сусветных коштаў на нафту. А яшчэ беларусы знаходзяцца ў залежнасці ад замежных крэдытаў”.