Аб гэтым чыгуначнікаў папрасіла Міністэрства інфраструктуры і будаўніцтва. Папярэдне запланаваныя дзве пары цягнікоў.
 
У снежні 2015 былі ліквідаваныя спалучэнні з Гродна да Малкіні і Элку праз Кузніцу Беластоцкую і Беласток. Ранейшае кіраўніцтва міністэрства (тады – інфраструктуры і развіцця) адмовіла ў датацыях, без якіх цягнікі стратныя. Палітыкі партыі “Права і справядлівасць”, якія сфармавалі новы ўрад, крытыкавалі рашэнне папярэднікаў, але пакінулі яго ў сіле.
 
Фірма Przewozy Regionalne ужо правяла папярэдні падлік коштаў аднаўлення руху і звязалася з Беларускай чыгункай, паведаміў выданню Rynek Kolejowy прэс-сакратар перавозчыка Міхал Сцільгер. Пасля атрымання адказу, PR зможа зрабіць міністэрству канкрэтную прапанову. Канчатковае рашэнне наконт фінансавання будзе за ўладамі. Пра канкрэтную дату казаць зараз нельга.
 
Анансаваны раней на 2016 год цягнік Гродна-Варшава зараз наогул не разглядаецца як варыянт, паведамляет Твой Стыль, таксама як і падоўжаны варыянт да Элку ці Малкіні. Магчымы цягнік не паедзе далей за Беласток, то бок сітуацыя вернецца да стану на чэрвень 2014 года.
 
Вяртаннем цягніка Гродна-Беласток, відаць, не вельмі зацікаўлена Маршалкоўскае ўпраўленне Падляшскага ваяводства. Згодна з заканадаўствам, менавіта мясцовае самакіраванне павінна падтрымліваць памежныя спалучэнні, аднак цягам апошніх год рух праз Кузніцу аплачваўся з цэнтральнага бюджэту. Цяпер мясцовыя чыноўнікі таксама не спяшаюцца ангажыравацца ў вырашэнне праблемы.
 
Фота: gazeta.pl