Як паведамляе прэс-служба МЗС, “падчас сустрэчы абмеркаваны бягучы стан і перспектывы развіцця адносінаў паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, шляхі актывізацыі супрацоўніцтва па лініі Беларусь — Савет Еўропы, падрыхтоўка шэрагу сумесных мерапрыемстваў”.
Кіраўнік дэлегацыі Нацыянальнага сходу па ажыццяўленні кантактаў з ПАСЕ Мікалай Самасейка браў удзел у пасяджэнні камісіі па палітычных пытаннях і дэмакратыі, якое прайшло ў Страсбургу 28 студзеня ў межах зімовай сесіі ПАСЕ. Пасля вяртання ў Мінск ён заявіў журналістам, што рана ці позна Беларусі давядзецца разгледзець пытанне аб смяротнай кары для аднаўлення статусу спецыяльнага запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.
Беларусь атрымала статус спецыяльнага запрошанага 16 верасня 1992 года, а 13 студзеня 1997 года была яго пазбаўленая, паколькі Бюро асамблеі не прызнала адпаведнымі міжнародным стандартам умовы правядзення і вынікі канстытуцыйнага рэферэндуму, які адбыўся 24 лістапада 1996 года. У чэрвені 2009 года ПАСЕ прыняла рэзалюцыю, у якой гаворыцца, што статус спецыяльнага запрошанага будзе вернуты беларускаму парламенту толькі пасля ўвядзення ў краіне мараторыя на смяротнае пакаранне.