– Уладзімір Уладзіміравіч, ведаю, што зараз вы працуеце ў Польшчы трэнерам у нацыянальнай зборнай па веславанні. Ці часта ўдаецца бываць у Беларусі?

– У Мінск прыязджаю рэгулярна – бываю недзе тыдзень на месяц. І гэта не залежыць ад таго, дзе знаходжуся. Так было, калі працаваў галоўным трэнерам мужчынскай зборнай Расіі па веславанні, так ёсць і зараз, калі перабраўся ў Польшчу, дзе трэнірую мужчынскую каманду. Пакуль працоўны кантракт разлічаны на адзін год, а далейшы мой трэнерскі лёс будзе залежаць ад выступленняў зборнай Польшчы на Алімпіядзе ў Бразіліі. Для каманды створаны ўсе ўмовы, будзем працаваць. Адзначу, што ў веславанні ў палякаў яшчэ не было ніводнага алімпійскага чэмпіёна.

– Я так разумею, прапаноў працаваць у Беларусі ад нашых спартыўных чыноўнікаў вам не паступала?

– Апошнюю прапанову аб працаўладкаванні мне зрабіў асабіста Аляксандр Лукашэнка. Праўда, было гэта ў далёкім 2004 годзе, калі заканчваліся мае дэпутацкія паўнамоцтвы. Тады кіраўнік краіны публічна паабяцаў падарыць мне плуг. Трэба думаць, каб я без работы не застаўся. Але абяцанку сваю ён так і не выканаў, а таму даводзіцца працаваць на чужыне.

А калі сур’ёзна, дык за апошнія 10–12 гадоў мне ніводнага разу ніхто не прапанаваў працу ў Беларусі. Сам чаму не папрасіў? Не ў тым я ўзросце, каб напрошвацца. Хаця, прызнаюся шчыра, калі б у маіх трэнерскіх паслугах былі зацікаўлены на Радзіме, то я, хутчэй за ўсё, такую прапанову прыняў бы. Больш за тое, быў бы гатовы працаваць і бясплатна.

– Вы альтруіст?

– Чаму альтруіст? Да пенсіі мне яшчэ некалькі гадоў засталося, а якія-ніякія грошы ў Беларусі я атрымліваю. За тое, што ў свой час цягам пяці гадоў уваходзіў у зборную СССР, зараз мне выплачваюць прыкладна 100 долараў у месяц (2 мільёны 500 тысяч рублёў). На нешта хапала б…

– Здзекуецеся? Гэтых грошай пры сённяшніх коштах хопіць толькі на “камуналку” і каўбасныя вырабы не самага лепшага гатунку…

Я не здзекуюся, а канстатую факт: менавіта так у Беларусі ацэньваюць унёсак у развіццё спорту былых алімпійцаў, якія выступалі яшчэ ў савецкія часы. А наконт коштаў… Я шмат у якіх краінах пабываў і хачу сказаць, што ў Беларусі цэны адны з самых высокіх у свеце. Тут мы, безумоўна, у лідарах. Я ж бачу, колькі ў той жа Польшчы каштуе кілаграм мяса ці рыбы і колькі на радзіме.

– Чаму б вам у палітыку не вярнуцца? Тлумачылі б людзям усё гэта…

– Не, планаў вяртацца ў беларускую палітыку ў мяне няма. Па-першае, няма з кім. Можа, рэзка прагучыць, але ўсе гэтыя людзі, якія пазіцыянуюць сябе як дэмакратычная апазіцыя, – махляры і шарлатаны. Па-другое, няма ніякага сэнсу займацца тым, што ў Беларусі адсутнічае. Дзякуй Богу, мяне ніхто з псеўдадэмакратаў у свае партыі-рухі не клікаў. Ды я і не пагадзіўся б.

– Дарэчы, ці падтрымлівалі вы стасункі з генералам Фраловым, з якім вы былі паплечнікамі падчас дэпутацтва і які перад сваёй смерцю заяўляў пра намер балатавацца ў прэзідэнты?

– З Валерыем Дзмітрыевічам цёплыя стасункі ў нас захаваліся да самай яго смерці. Пра ідэю яго “паходу” ў прэзідэнты я ведаў, хоць ставіўся да гэтага скептычна… Шкада толькі, што на магіле ягонай я так пакуль і не пабываў. Ён пахаваны ў Гродне, усё ніяк туды не даеду.

– Давайце адыдзем ад палітыкі… У свой час у вас былі планы аб стварэнні Клуба алімпійскіх чэмпіёнаў. Яны засталіся?

– Не. Я не ўпэўнены, што гэты клуб быў бы зарэгістраваны, бо, як паказвае практыка, за апошнія дзесяць гадоў у краіне не была зарэгістравана ніводная больш-менш значная грамадская ініцыятыва. Да таго ж многія беларускія алімпійскія чэмпіёны шукаюць лепшай старасці ў суседніх краінах.

– Каго вы маеце на ўвазе?

– Напрыклад, у Расіі даўно жыве наш праслаўлены фехтавальшчык Віктар Сідзяк. Там жа і наш славуты стралок Аляксандр Газаў. І папракаць іх за тое, што яны пераехалі з “сытай” Беларусі ў суседнюю краіну, няма ніякага сэнсу. У Расіі толькі за тое, што ты алімпійскі чэмпіён, табе штомесяц выплачваюць прыкладна 500 долараў. А тым, хто дажыў да пенсіённага ўзросту, дадаюць яшчэ 1000 “зялёных”.

– Вам не паступалі прапановы аб змене грамадзянства?

– Былі, я ж чатыры гады галоўным трэнерам мужчынскай зборнай Расіі адпрацаваў. Алімпійскае золата выйграў разам з камандай, апярэдзіўшы беларусаў. Мне казалі адкрытым тэкстам: “Прымай расійскае грамадзянства, будзеш тут як сыр у масле коўзацца”. Я адмовіўся, і гэта быў мой свядомы выбар. Проста палічыў, што мне не трэба чужога хлеба, застаўся, як бы гэта высока ні прагучала, патрыётам Беларусі. І не пашкадаваў, бо з працай у Расіі з-за пэўных абставін прыйшлося “завязаць”. Калі коратка – не сышоўся характарам з уплывовымі людзьмі. Некалькі месяцаў сядзеў без працы, а потым паступіла прапанова з Варшавы.

– Ведаю, што за час працы ў Расіі ў вас была магчымасць сустрэцца з прэм’ер-міністрам Дзмітрыем Мядзведзевым, але вы на гэта не пайшлі. Чаму?

– Не маё гэта. Мне многія казалі: ты б яму там пра беларускую палітыку распавёў… І што далей? Навошта мне гэта? У мяне быў свой кавалак працы, у Мядзведзева – свой. У мяне – свае праблемы, у палітыкаў – свае. А лезці ў палітыку, каб знайсці для сябе месца пад сонцам, – гэта не мой шлях. Я хачу займацца той справай, якую добра ведаю і ў якой запатрабаваны.

– Уладзімір Уладзіміравіч, у гэтым годзе ў Бразіліі пройдзе чарговая Алімпіяда. Чаго ад вас чакаюць у Польшчы?

– Добрага выступлення, хаця каманда для мяне новая, я толькі пачынаю працу. Тым не менш задачы стаяць сур’ёзныя: пакуль у палякаў толькі адна алімпійская ліцэнзія, трэба папоўніць гэту скарбонку. Зараз вось адпраўляемся на зборы ў Іспанію, потым будзе алімпійская кваліфікацыя ў Мілане. Дарэчы, за выступленнямі беларусаў таксама сачу і лічу, што з Бразіліі беларускія весляры могуць прывезці некалькі медалёў. Хоць у спорце здараюцца форс-мажорныя сітуацыі.

– Маеце на ўвазе допінгавую праблему?

– І яе таксама. Беларуская фармакалогія, наколькі я ведаю, па-ранейшаму далёкая ад ідэалу, час ад часу ўсплываюць допінгавыя скандалы. Я ўвогуле выступаю за чысціню ў спорце высокіх дасягненняў і супраць таго, каб спартсмены злоўжывалі “хіміяй”. Спадзяюся, што ў беларусаў на Алімпіядзе не будзе допінгавых скандалаў, бо на сваім прыкладзе ведаю, што адчувае чалавек, які прымае допінг.

– Вас у свой час прымушалі ўжываць забароненыя прэпараты?

– Так, справа была ў 1984 годзе. Савецкі Саюз тады байкатаваў Алімпіяду ў Лос-Анджэлесе і праводзіў альтэрнатыўны турнір “Дружба-84”. Я павінен быў выступаць у “чацвёрцы”. Перад стартам тром маім партнёрам зрабілі па некалькі забароненых уколаў. Я спачатку аднекваўся, а потым мне паставілі ўмову: калі хочаш быць у зборнай – рабі, як мы кажам! Зрабіў… Натуральна, сорамна было потым. Мы выйгралі тую гонку, але непрыемнае адчуванне засталося. Зрэшты, наступстваў для здароўя тады не было – доза была нязначная, і ўколы тыя рабілі не пастаянна.

Сёння хачу сказаць: ніякія медалі не вартыя страты ўласнага здароўя і рызыкі ганебна завяршыць сваю спартыўную кар’еру!