Яго абвінавачваюць у захоўванні марыхуаны з мэтай продажу. Акцёр прызнаў віну часткова. Ён сцвярджае, што гандляваць наркотыкам не збіраўся — захоўваў выключна для сябе. У сваім апошнім выступе Арцём Бародзіч прасіў паверыць яму. Прыводзім тэкст выступу цалкам:

“Я прашу паверыць мне, што задумы продажу наркотыкаў у мяне не было, што ўсё гэта набывалася непасрэдна для майго асабістага спажывання. Я разумею, што трэба шукаць, і я знайду іншыя спосабы расслаблення і аднаўлення ўласнай энергіі. Прашу ўлічыць, што я з’яўляюся паўнавартаснай сацыяльнай адзінкай нашага грамадства. І магу прыносіць нашмат больш карысці грамадству і дзяржаве, застаючыся на свабодзе… Калі да мужчыны прыходзіць усведамленне таго, што ён стане бацькам, прыярытэты ў жыцці змяняюцца. Змяняецца шкала каштоўнасцяў. Ты ўсведамляеш тую глабальную адказнасць за чалавека, які будзе народжаны ад кахання. Я прашу суд даць мне шанец выхаваць маё будучае дзіця ў паўнавартаснай, здаровай і любячай сям’і. Пабываўшы ў месцах пазбаўлення волі, я вельмі шмат убачыў і ўсвядоміў. Я зразумеў, што нішто не каштуе разлукі са сваёй сям’ёй, кахаючай жанчынай і любімай працай. Дзякую за ўвагу”, — сказаў Арцём Бародзіч суду.

“Марыхуану я ўжываю 6-7 гадоў. У мяне праблемы з ціскам праз працу. Яна вельмі нервовая, патрабуе шмат энергіі. І фізічнай, і эмацыянальнай. Я ужываю па 0,7 грама марыхуаны за раз. Маю спецыяльныя электронныя шалі. Больш не магу, мне становіцца дрэнна”, — прызнаецца Бародзіч у зале суда.

Тым часам пракурор настойвае, што Бародзіч захоўваў марыхуану (у яго знайшлі больш за 20 грамаў наркотыка) з мэтай продажу і просіць пакараць абвінавачанага шасцю гадамі калоніі без канфіскацыі маёмасці.

Адвакатка акцёра лічыць, што яе падабаронны павінен быць апраўданы. На яе думку, факт гандлю наркотыкамі Бародзічам не даказаны, а пратакол ператрусу кватэры, дзе жыў акцёр і дзе былі знойдзеныя наркотыкі, складзены са шматлікімі парушэннямі. Адпаведна, пратакол не можа выступаць у судзе ў якасці доказу. Адным са сведак на працэсе выступала будучая жонка акцёра. Яна знаходзіцца на 14 тыдні цяжарнасці.

Прысуд Арцёму Бародзічу агучаць у аўторак, 2 сакавіка аб 11 гадзіне, паведамляе Еўрарадыё.

Фота: Сяргей ГАПОН, kp.by