Ці скасуе Беларусь свой “чорны спіс” у адказ?

5

“Беларусь не ўжывае абмежавальных мер і санкцый у дачыненні да Еўрапейскага саюза”, — адказвае на пытанне Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

Сапраўды, афіцыйна “чорнага спісу” еўрапейскіх палітыкаў няма. Тым не менш спецдакладчык ААН па Беларусі Міклаш Харасці наведаць Беларусь так не разу і не здолеў — не даюць візу. Неаднаразова на немагчымасць наведаць Беларусь скардзіўся, да прыкладу, літоўскі еўрадэпутат Эмануэліс Зінгерыс і шэраг яго калег з Еўрапарламенту.

У размове з Еўрарадыё еўрадэпутат Эмануэліс Зінгерыс абураецца: упершыню за апошнія 13 гадоў ён здолеў трапіць у. Беларусь толькі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2015 года. І тое, кажа, выключна дзякуючы таму, што быў у складзе дэлегацыі назіральнікаў Савета Еўропы. Сёння палітык не ўпэўнены, што зможа гэта зрабіць, калі будзе ехаць у нашу краіну па запрашэнні нейкай апазіцыйнай партыі альбо каб наведаць месцы пахавання сваіх сваякоў ў Лідзе.

Ці скасуе Беларусь свой “чорны спіс” у адказ?

“Еўрапейскія палітыкі, асабліва абраныя людзі — парламентарыі, павінныя мець права ўезду. Для гэтага існуюць розныя дамовы. Любая забарона для любога еўрапейскага палітыка на ўезд на тэрыторыю Беларусі, мяркую, ізноў выкліча дэбаты наконт санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў усіх узроўняў”, — разважае літоўскі дэпутат Еўрапарламенту.

На самай справе, выглядае на тое, што калі пытанне з беларускімі “чорнымі спісамі” еўрапейскіх палітыкаў яшчэ і не вырашанае, то будзе ў найбліжэйшы час. У нас жа пацяпленне адносінаў! Але еўрапалітыкі не адзіныя, хто стаў “непажаданай у Беларусі” асобай за сваю дзейнасць альбо “грамадзянскую пазіцыю”. Вядома даволі шмат прыкладаў, калі ў Беларусь не пускалі журналістаў таго ж “Радыё Рацыя”, а яшчэ — праваабаронцаў.

Асабліва шмат такіх выпадкаў з украінскімі праваабаронцамі. Найперш гэта людзі, якія былі назіральнікамі падчас выбараў 2010 года і ўваходзілі ў склад “Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі”. Ці прынясе адліга ва ўзаемаадносінах паміж Беларуссю і ЕС змены ў іх статус? Адказу няма. Бо спісаў няма. Даведацца можна толькі асабіста падчас перасячэння мяжы. 

Фота Змітра Лукашука

Поделиться ссылкой: