“З улікам вышэйсказанага” Мінінфарм “падкрэслівае, што дзейнасць журналіста павінна ажыццяўляцца ў строгай адпаведнасці з дзейным заканадаўствам <…> і ў межах нормаў прафесійнай этыкі”.
Зварот прадстаўнікоў СМІ быў перададзены ў Мінінфарм 1 лютага. Аўтары прасілі ведамства выказацца з нагоды недапушчальнасці перашкодаў прафесійнай дзейнасці журналістаў, рэалізацыі права грамадзян на атрыманне поўнай, дакладнай i своечасовай інфармацыі і давесці сваю пазіцыю да МУС і яго структурных падраздзяленняў.
25 студзеня ў судзе Фрунзенскага раёна Мінска ў пачатку пасяджэння па “справе графіцістаў” актывісты Павел Сяргей і Максім Шыцік разгарнулі транспарант з надпісам “Не палітычным пераследам”. Пры гэтым яны крычалі: “Мастацтва не злачынства!” Іх вывелі з залы суда. Разам з імі быў затрыманы Павел Дабравольскі. Адразу пасля затрымання ўсіх трох збілі ў суседнім пакоі, пасля чаго даставілі ў РУУС, склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, а затым аштрафавалі у тым жа судзе Фрунзенскага раёна на падставе арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і арт. 23.34 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы) КоАП.
Увечары 25 студзеня Дабравольскі і Шыцік напісалі заяву ў міліцыю на дзеянні супрацоўнікаў АМАП, а на наступны дзень знялі пабоі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз. 26 студзеня аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС апублікаваў каментарый, згодна з якім Павел Дабравольскі “перашкаджаў законным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі” і не рэагаваў на іх заўвагі.
30 студзеня ля будынка Вярхоўнага суда прайшла несанкцыянаваная акцыя салідарнасці са збітымі ў судзе і супраць гвалту з боку міліцыі. У ёй узялі ўдзел прыблізна 15 чалавек. У дачыненні да дзевяці былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні.
7 лютага ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” Лілія Ананіч заявіла, што Міністэрства інфармацыі дасць адказ на зварот з нагоды інцыдэнту ў судзе. “Самае галоўнае, — сказала яна, — што мы атрымалі афіцыйны адказ з Міністэрства ўнутраных спраў, які яскрава сведчыць аб парушэнні працэсуальнага заканадаўства і прымяненні законных мер уздзеяння на ўдзельнікаў гэтага інцыдэнту”.
“Журналіст не можа быць актыўным бокам канфлікту. Калі такое атрымліваецца, значыць, гэта не журналістыка, значыць, гэта нейкія дзеянні, скіраваныя на дыскрэдытацыю прафесіі, а не на атрыманне інфармацыі”, — лічыць Ананіч.
10 лютага міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі заявіў, што каментаваць інцыдэнт з Дабравольскім “не зусім карэктна”, бо ён не ведае ўсіх дэталяў. “Адзінае, тое, што я сам чытаў са сродкаў масавай інфармацыі, наколькі я зразумеў, дзеянні [амапаўцаў] былі ў пэўнай ступені справакаваныя, і супрацоўнікі прымалі меры ў межах сваіх паўнамоцтваў. Але ацэньваць тое, што адбылося, проста так, зыходзячы з інфармацыі, якая паступае з СМІ, я, безумоўна, не магу. Бо ацэнка ў гэтай сітуацыі павінна давацца кампетэнтнымі органамі”, — сказаў кіраўнік Мінюста.
Скарга Дабравольскага на рашэнне суда першай інстанцыі будзе разгледжаная 1 сакавіка ў Мінскім гарадскім судзе.
Як паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў, аўтары звароту ў Мінінфарм збіраюцца накіраваць паўторны ліст з пералікам усіх фактаў збівання журналістаў за апошнія 10 гадоў.