Пасяджэнне ВДС Саюзнай дзяржавы пройдзе ў Мінску 25 лютага

2

Правесці саюзны саміт у Мінску прапанаваў Аляксандр Лукашэнка ў часе сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы (СД) Рыгорам Рапотам 18 студзеня. Лукашэнка тады нагадаў, паведамляе БелаПАН, пра сваю дамоўленасць з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным правесці пасяджэнне ВДС у першым квартале 2016 года і выказаў гатоўнасць падключыцца да прапрацоўкі парадку дня. Ён таксама адзначыў, што трэба будзе актыўна папрацаваць, каб ажывіць працу ў Саюзнай дзяржаве.

Рапота, са свайго боку, паведаміў, што ў парадак дня саміту, што мае адбыцца, плануецца ўключыць 12 пытанняў, якія тычацца ўсяго спектра дзейнасці Саюзнай дзяржавы. У іх ліку — зацвярджэнне саюзнага бюджэту на 2016 год, абмеркаванне вынікаў гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і рэалізацыі праграмы прыярытэтных кірункаў развіцця СД. Акрамя таго, адзначыў Рапота, плануецца “зрабіць большы акцэнт у нашым узаемадзеянні ў навукова-тэхнічнай сферы”.

Апошняе пасяджэнне ВДС адбылося ў Маскве 3 сакавіка 2015 года. Па выніках пасяджэння былі падпісаны чатыры пагадненні: аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў па справах аб спагнанні аліментаў; аб узаемным прызнанні і парадку выканання рашэнняў аб адмове ва ўездзе на тэрыторыю дзяржаў — удзельніц Саюзнай дзяржавы; аб парадку абмену звесткамі аб грамадзянах Беларусі і Расіі, у дачыненні да якіх дзейнічаюць абмежаванні на выезд; пратакол аб унясенні змяненняў у пагадненне аб забеспячэнні роўных правоў грамадзян Беларусі і Расіі на свабоду перамяшчэння, выбар месца знаходжання і жыхарства на тэрыторыях дзяржаў — удзельніц Саюзнай дзяржавы ад 24 студзеня 2006 года.

 
Фота: news.mail.ru

Поделиться ссылкой: