“Нас непакоіць якасць адукацыі ў гімназіях. Аналіз уступнай кампаніі ў пятыя класы гімназій у 2015 годзе паказаў, што ў некаторых гімназіях не былі выкананы кантрольныя лічбы прыёму, у некаторых конкурс быў малы або адсутнічаў, – сказаў міністр. – Трэба сумесна з прадстаўнікамі абласцей комплексна прааналізаваць якасць гімназічнай адукацыі і прыняць рашэнне аб мэтазгоднасці работы асобных гімназій. Пры неабходнасці – выпрацаваць прапановы аб удасканаленні конкурснага прыёму ў гімназіі”.

Пры гэтым Міхаіл Жураўкоў адзначыў, перадае БЕЛТА, што вынікі Цэнтралізаванага тэсціравання (ЦТ) за апошнія тры гады паказваюць, што сярэдні бал у выпускнікоў гімназій і ліцэяў значна вышэйшы, чым сярэдні бал у выпускнікоў сярэдніх школ, дзе ўсе вучэбныя прадметы вывучаліся на базавым узроўні.

Міністр таксама лічыць, што пераход на профільнае навучанне дапаможа вырашыць пастаўленыя перад агульнай сярэдняй адукацыяй задачы. “Профільныя класы адкрыты ў 1118 установах агульнай сярэдняй адукацыі. Вучэбныя прадметы на павышаным узроўні вывучаюць каля 29 тыс. навучэнцаў дзясятых класаў. Гэта амаль 50,5 працэнта ад усіх навучэнцаў”, – паведаміў ён. Міхаіл Жураўкоў дадаў, што галоўная асаблівасць профільнага навучання – прафесійная арыентаванасць.

“Дзеці не толькі вывучаюць вучэбныя прадметы, якія яны плануюць здаваць на ЦТ, на павышаным узроўні, але і на факультатыўных занятках асвойваюць прафесійна арыентаваныя курсы, якія садзейнічаюць выбару будучай прафесіі”, – сказаў кіраўнік ведамства. Ужо ў гэтым навучальным годзе адкрыты 103 профільныя “педагагічныя” класы, у якіх навучаюцца 1220 дзяцей. У прыватнасці, для іх арганізаваны факультатыў “Увядзенне ў педагагічную прафесію. 10-11 клас”.

Кіраўнік Мінадукацыі падкрэсліў, што рэгіёнам і Мінску трэба больш сур’ёзна падыходзіць да пытання адкрыцця профільных класаў. Ён адзначыў, што толькі сур’ёзны, а не фармальны падыход, правільная расстаноўка кадравага патэнцыялу дадуць магчымасць павысіць якасць адукацыі.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»