ЕС асудзіў чарговы смяротны прыгавор, вынесены ў Беларусі

2

У заяве, апублікаванай на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў, адзначаецца, што смяротны прысуд вынесены Мінскім абласным судом Сяргею Хмялеўскаму, асуджанаму за ўчыненне цяжкага злачынства. ЕС выказвае “самыя глыбокія спачуванні” родным і блізкім ахвяраў, але пры гэтым нагадвае, перадае БелаПАН, што асуджаны мае законнае права на абскарджанне прыгавору, і гэта права павінна быць цалкам гарантавана.

“ЕС выступае супраць прымянення смяротнай кары, жорсткага пакарання, якое не ў стане дзейнічаць як стрымальны фактар, — падкрэсліваецца ў заяве. — Мы заклікаем Беларусь, адзіную краіну ў Еўропе, дзе ўсё яшчэ ўжываецца смяротная кара, далучыцца да глабальнага мараторыя ў якасці першага кроку да яе адмены”.

“Замена смяротных прысудаў на іншыя пакаранні і пачатак грамадскай дыскусіі пра смяротнае пакаранне з беларускім грамадствам былі б важным крокам у гэтым напрамку”, — адзначае ЕС.

Як паведамлялася раней, 31-гадовы ўраджэнец вёскі Мачулішчы Мінскага раёна першапачаткова быў прыгавораны да пажыццёвага зняволення па абвінавачванні ў забойстве трох чалавек з асаблівай жорсткасцю. Аднак пракуратура апратэставала гэты прысуд, і ў выніку Мінскі абласны суд прыгаварыў Хмялеўскага да смяротнага пакарання.

Гэта ўжо другі з пачатку 2016 года смяротны прысуд у Беларусі. Характэрна, што ён быў вынесены 15 лютага, у дзень зняцця Еўрасаюзам большасці санкцыяў у дачыненні да Беларусі. У рашэнні Савета ЕС аб зняцці санкцый асобным радком гаварылася пра неабходнасць увядзення мараторыя на смяротнае пакаранне як першага кроку да яе поўнай адмены.

Беларусь — адзіная ў Еўропе і на постсавецкай прасторы краіна, дзе дагэтуль захавалася смяротнае пакаранне. Па гэтай прычыне Беларусь таксама застаецца адзінай еўрапейскай дзяржавай, якая не ўваходзіць у Савет Еўропы. За ўсю гісторыю незалежнай Беларусі было вынесена 406 смяротных прысудаў, і толькі адзін асуджаны быў памілаваны прэзідэнтам.

 
Фота: Sputnik

Поделиться ссылкой: