Сейм Польшчы гатовы прызнаць Палату прадстаўнікоў?

2
Польскі Сэйм цягам доўгіх год падтрымліваў адносіны зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю. Дзеля гэтага ў Сэйме працавала адмысловая парлямэнцкая група. Афіцыйных адносін з Палатай прадстаўнікоў не падтрымлівалася. Цяпер сытуацыя можа зьмяніцца.

Польскі парлямэнт ліквідуе парлямэнцкую групу па справах Беларусі, якая дзейнічала з 2012-га года. Узамен прагучала прапанова стварыць польска-беларускую міжпарлямэнцкую камісію. Пра гэта Польскаму радыё паведаміў польскі грамадзкі дзеяч Павал Казанэцкі.

Павал Казанэцкі: Вельмі знакавай падзеяй зьяўляецца тое, што ў сёньняшнім парлямэнце будзе ліквідаваная група па праблемах Беларусі, а плянуецца, ці практычна ўжо створаная міжпарлямэнцкая камісія паміж беларускім ды польскім парлямэнтамі для двухбаковых адносін.

Прэс-служба польскага Сэйма не пацьвердзіла дадзеную інфармацыю. Гаворыць Дарота Зяліньска з парлямэнцкай групы па справах Беларусі.

Дарота Зяліньска: Сёньня раніцай адбылося паседжаньне. Група сфармавалася, абраны прэзыдыюм. Пра двухбаковую групу пакуль мне нічога не вядома. Раней такой групы не было, ня думаю, каб яе ўтварылі цяпер.

У сваю чаргу дэпутат Сэйму ад партыі “Грамадзянская плятформа” й сябра міжпарлямэнцкай групы па справах Беларусі Анджэй Галіцкі зазначае, што ідэя стварэньня двухбаковай групы з Палатай прадстаўнікоў была агучаная, але яе не падтрымалі.

Анджэй Галіцкі: Пацьвярджаю, што ёсьць такі намер стварыць двухбаковую групу. Была такая прапанова. Яна прыйшла з прэзыдыюму Сэйму. Дадзеная група не была створаная, а дзейнічае парлямэнцкая група па справах Беларусі. На нашу думку, гэта нядобрая прапанова, бо ў Беларусі няма свабоднага парлямэнту. Наша група заўсёды дзейнічала на карысьць дэмакратычнай Беларусі. Спадзяюся, што ў польскім парлямэнце захаваецца такі падыход. У працах групы бяруць удзел прадстаўнікі кіроўнай партыі “Права й справядлівасьць”. Я думаю, што гэты погляд на адносіны паміж нашымі грамадзтвамі ўтрымаецца.

Дэпутатка Сэйму ад партыі “Права й справядлівасьць”, сябра парлямэнцкай групы па справах Беларусі Малгажата Гасеўска зазначыла, што яшчэ рана ствараць такую групу й што пакуль дзейнічае парлямэнцкая група па старым узоры.

Малгажата Гасеўска: Сёньня раніцай мы зацьвердзілі склад групы Салідарнасьці зь Беларусьсю, як й раней. Больш пакуль нічога не магу сказаць. Пакуль рана засноўваць двухбаковую групу, я такога сабе не ўяўляю. Такую групу можна стварыць пасьля парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Яны будуць праверкай палітыкі прэзыдэнта Лукашэнкі.

У сваю чаргу першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч перакананы, што стварэньне двухбаковай камісіі было б неадпаведным крокам.

Станіслаў Шушкевіч: Гэта будзе легітымізацыя неабранай “палаткі”. Гэта будзе абсалютна неразумны крок, таму што гэта будзе прызнаньнем таго, хто не выбраны, прызнаньне махлярства й ашуканства на нашых выбарах. Я лічу, што стаўленьне да “палаткі” як да парлямэнта – гэта ганьба для ўсёй Беларусі. Там ніхто не абраны, а ўсе прызначаныя.

Польскі Сэйм браў пад увагу стварэньне міжпарлямэнцкай групы з Палатай прадстаўнікоў. Гэтая ідэя пакуль не знайшла падтрымкі. У Сэйме застаецца дзейнічаць парлямэнцкая група Салідарнасьці зь Беларусьсю.

Юры Ліхтаровіч

– See more at: http://www.radyjo.net/4/28/Artykul/240366#sthash.VdI57LCf.dpuf

Поделиться ссылкой: