Новым амбасадарам Польшчы ў Беларусі будзе Конрад Паўлік

5
У Сэйме Польшчы ўчора падтрымалі кандыдатуру новага амбасадара РП ў Беларусі Конрада Паўліка, паведамляюць польскія СМІ.

Будучага амбасадара Польшчы ў Беларусі ў камісіі па замежных справах Сэйму прадстаўляў кіраўнік МЗС Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Ён знайшоў поўную падтрымку дэпутатаў, якія былі на пасяджэньні камісіі. Разам з Конрадам Паўлікам, перадае Радыё Свабода, разглядалася кандыдатура новага амбасадара Польшчы пры Эўразьвязе Яраслава Стажыка.

Міністар Вашчыкоўскі назваў Конрада Паўліка дасьведчаным і прафэсійным дыпляматам. Гаворачы аб прыярытэтах польскай палітыкі адносна Беларусі, кіраўнік МЗС Польшчы заявіў:

«Мы хацелі б мець на тым баку мяжы незалежнага, сувэрэннага і стабільнага партнэра, які апрача таго — гэта было б марай — кіраваўся б прынцыпамі прававой дзяржавы».

Сам Конрад Паўлік зазначыў, што ягоным першым заданьнем будзе добрая падрыхтоўка візыту ў Менск міністра замежных спраў Польшчы, якая заплянаваная празь некалькі тыдняў:

«Гэта будзе першы за некалькі гадоў візыт польскага міністра ў Беларусь».

Паўлік заявіў, што будзе падтрымліваць ўсе дзяржаўныя і няўрадавыя арганізацыі ў іх праектах, адрасаваных польскай меншасьці ў Беларусі:

«Глыбока веру, што пры добрай каардынацыі і мудрай выверанай палітыцы мы зможам малымі крокамі палепшыць сытуацыю польскай меншасьці, не пагаршаючы адносінаў з афіцыйным Менскам».

Конрад Паўлік нарадзіўся ў 1976 годзе ў Варшаве, спэцыяліст у галіне міжнародных палітычных і эканамічных адносінаў, вучыўся ў Галоўнай гандлёвай школе ў Варшаве і Архускім унівэрсытэце ў Даніі.

Працаваў у адміністрацыі прэзыдэнта і МЗС Польшчы, валодае ангельскай і расейскай мовамі.

Поделиться ссылкой: