Вядома, што пасля Другой сусветнай вайны на гэтай вуліцы знаходзілі некалькi скарбаў, звязаных з габрэйскiм жыццём Гродна. Усе яны былі знойдзены ў радыусе 200 метраў.+   У час вайны тут знаходзілася гета №2. Верагодна, перад самай яго ліквідацыяй людзі стараліся схаваць дарагія ім рэчы, спадзяючыся забраць пазней. Ані немцы, ані беларусы ўсіх схаваных скарбаў так і не знайшлі, а гаспадары, якія іх хавалі, ніколі ўжо не вярнуліся. Праз дзясяткі гадоў, пры рамонце дамоў і капанні агародаў, гарадзенцы натыкаюцца на «золата мерцвякоў».

"Золата мерцвякоў". Чаму на вуліцы Антонава ў Гродне знаходзяць скарбы?

Найстарэйшыя жыхары вуліцы дагэтуль называюць яе, як і да вайны, Іерусалімскай. Старыя дамы, якіх засталося яшчэ трошкі, надаюць вуліцы выгляд невялікага габрэйскага квартала. Нават гандляры, якія кожны дзень стаяць тут, ствараюць адпаведную атмасферу.

Мяркуецца, што першы тайнік на гэтай вуліцы знайшлі некалькі гадоў пасля Другой сусветнай, на гарышчы дома №10. Пра знаходку мы амаль нічога не ведаем, але легенду пра скарб і сёння расказваюць краязнаўцы.  

У 1960-х гадах каля дома №8 жыхары займаліся агародам і, трохі капнуўшы, натыкнуліся на залатыя манеты. Скарб быў вялiкi, складаўся з посуду і манет — залатых і срэбных. Гісторыю гэтай знаходкi памятае бабуля, якая дагэтуль жыве ў доме №8.  

 

"Золата мерцвякоў". Чаму на вуліцы Антонава ў Гродне знаходзяць скарбы?

— Я жыву тут з 1960-га года і памятаю, як мясцовыя расказвалі пра гета. Са слоў старажылаў, пасля вайны яго жыхары не вярнуліся, усе загінулі. Памятаю добра момант, калі там, дзе зараз гасцініца, у агародзе знайшлі скарб. Жыхары дома капалі грады і наткнуліся на  залатыя манеты. Лёс скарбу жанчыне невядомы, ды і прозвішчы жыхароў яна ўжо не можа ўзгадаць.  

Чарговы скарб знайшлі ў 2011 годзе, калі разбіралі стары дом №10 — цяпер там гасцініца «Сямашка». У падвале, у падвойнай сценцы, выявілі некалькі сямейных рэліквій. Адна з іх — габрэйскі альбом з мноствам фатаграфій. Пра іншыя каштоўныя рэчы, знойдзеныя ў падвале, ніхто нічога не расказваў, але цалкам магчыма, што і там было нешта каштоўнае.   Пры будаўніцтве гасцініцы ад арыгінальнага будынку пакінулі фасад   Апошнюю вядомую знаходку адшукалі 5 лютага 2015 года ў падлозе дома №4/1. Скарб магла схаваць сям’я, якая жыла ў гэтым доме, або пазней перасяленцы ў гета. Столькі манет можна было схаваць у далоні, шкарпэтцы і г.д. Хутчэй за ўсё, золата схавалі ад безвыходнасці. Людзі ведалі, што ўсіх вывязуць, але надзея на вяртанне заставалася.  

Жыхарка дома №4 Лізавета Антонаўна літаральна прадбачыла знаходку.  

 

"Золата мерцвякоў". Чаму на вуліцы Антонава ў Гродне знаходзяць скарбы?

— Гэты дом заўсёды быў таямнічым. Будаўнікам я казала: «капайце глыбей і знойдзеце скарб». Яны не верылі, тады я ім прыводзіла прыклады дамоў на нашай вуліцы, у якіх знаходзілі золата.

Верагодна, на гэтай вуліцы ёсць знаходкі, пра якія мы не ведаем і ніколі не даведаемся. Cтарыя дамы зносяць, новыя будуюць, пры гэтым рэшткі даўніны не вывучаюць належным чынам.   Падобная сітуацыя са скарбамi раней назіралася на вуліцы Вялікай Траецкай. Там знаходзілася гета №1, дзе трымалі нямала багатых габрэяў. Па ўспамінах старажылаў, пасля вайны дзеці ў раёне гета знаходзілі шмат рэчаў: ад золата да цэлых бібліятэк. Але самая важная знаходка — архіў гета, які вялі вязні, — дагэтуль не знойдзены.   Гістарычная даведка   Да вайны вуліца Антонава называлася Іерусалімская. Жылі там не толькі габрэі, але i палякi. У час вайны вулiца ўваходзiла ў гета №2, куды зганялі габрэяў — як багатых, так і бедных, пераважна ўжо непрацаздольных.   Гэта гета займала большую плошчу, чым гета №1, але жыллё было тут у значна горшым стане. Сюды сагналі 10 тысяч габрэяў, якім далі толькі шэсць гадзін, каб перасяліцца. Карыстацца транспартам было забаронена. Гітлераўцы лічылі, што габрэям для пражывання дастаткова аднаго квадратнага метра на чалавека. Гета № 2 праіснавала з верасня 1941 да мая 1943 года.  

 

"Золата мерцвякоў". Чаму на вуліцы Антонава ў Гродне знаходзяць скарбы?

Ліквідацыя гродзенскага гета (1943 г.)  

Калі габрэяў вывезлі, на тэрыторыю пачалі пускаць мясцовых, якiя расцягвалі пакінутыя рэчы. Уваход быў свабодны, а выхад ужо каштаваў некалькі марак.   Адмыслова навучаная брыгада гараджан шукала каштоўнасці ў закінутых дамах, старанна прастукваючы сцены і падлогі. Акрамя знойдзеных каштоўнасцей, вельмі цаніліся жывыя габрэі — за кожную выяўленую схованку («маліну») немцы шчодра плацілі.