Беларускую бягуху Аляксандру Дулібу дыскваліфікавалі на два гады.

Такое рашэнне прыняла Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі. Афіцыйная фармулёўка наступная – “па абнармальных паказаннях гематалагічнага профілю біялагічнага пашпарта”. Ізноў удзельнічаць у спаборніцтвах лёгкаатлетка зможа не раней за верасень 2017 года.

Аляксандра Дуліба вядомая сваімі выступленнямі на марафонскіх дыстанцыях. У сакавіку 2013 года яна выйграла марафон у Лос-Анджэлесе з рэкордам Беларусі, а праз паўгода ў Чыкага нават палепшыла свой вынік.

У апошнія гады спартсменка жыве і трэніруецца ва Украіне. Неяк яна заявіла, што мае намер змяніць грамадзянства і на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанейра прадстаўляць Украіну.

Што стаіць за незразумелай для многіх фармулёўкай “дыскваліфікацыя па абнармальных паказаннях гематалагічнага профілю біялагічнага пашпарта”?

“Ёсць такая форма допінгавага кантролю, як біялагічны пашпарт, – патлумачыў спецыяліст у вобласці антыдопінгавага заканадаўства. – Гэта прадугледжвае рэгулярны (на працягу года) адбор проб крыві, для таго каб пабудаваць хімічную структуру крыві спартсмена. Калі ў гэтай структуры пасля чарговай допінг-праверкі знаходзяць нейкія змяненні, то даследуецца факт, чым гэта можа быць выклікана. І ўжо на гэтай падставе робіцца выснова, ці прымяняў спартсмен забаронены прэпарат. А можа быць, нават і лекі, у склад якіх уваходзілі забароненыя прэпараты”.

Па словах суразмоўцы, у апошні час пачасціліся выпадкі выяўлення допінг-парушальнікаў з дапамогай біялагічных пашпартоў, бо ўдасканальваюцца методыкі лабараторый. Пашпарт Аляксандры Дуліба вёўся на працягу паўтара года.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»