Прэм'ер-міністры Расіі і Беларусі правядуць сёння перамовы ў Санкт-Пецярбургу

4
“Падчас размовы будуць закранутыя актуальныя пытанні расійска-беларускага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, сумеснай працы ў межах Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, а таксама ўзаемадзеянне ў Еўразійскім эканамічным саюзе”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-служба расійскага ўрада.

На мінулым тыдні прэм’ер-міністр Беларусі заявіў пра планы наведаць шэраг расійскіх рэгіёнаў, у прыватнасці Санкт-Пецярбург і Рэспубліку Татарстан.

Як адзначыў Кабякоў, Беларусі і Расіі ў межах Саюзнай дзяржавы неабходна аднавіць узаемны тавараабарот. “У новым годзе мы павінны абнавіць усе свае задумкі. На жаль, не ўсё атрымалася ў 2015 годзе так, як мы меркавалі. Нам трэба будзе зрабіць вялікую працу па аднаўленні перш за ўсё ўзаемнага тавараабароту”, — сказаў ён.

Прэм’ер-міністр дадаў, паведамляе БелаПАН, што эканомікі дзвюх дзяржаў паступова адаптуюцца да новых знешнеэканамічных умоў. Паводле слоў Кабякова, “трэба будзе актыўна заняцца тым, каб эканамічныя суб’екты дзвюх краін атрымалі новыя імпульсы для ўзаемнага супрацоўніцтва”.

Варта адзначыць, што напярэдадні, 28 студзеня, падчас тэлефоннай размовы Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін дамовіліся пра сустрэчу найбліжэйшым часам. Кіраўнікі Беларусі і Расіі дамовіліся “ў закрытай і больш грунтоўнай размове” абмеркаваць пытанні двухбаковых адносін.

 
Фота: РИА Новости
 

Поделиться ссылкой: