Польшча прызначыць у Беларусь новага амбасадара і консула ў Гародні

5

 Пра актуальную спецыфіку польска-беларускіх дачыненняў  напярэдадні паседжання распавядае прэс-сакратар польскага знешнепалітычнага ведамства Артур Дмахоўскі, з якім гутарыць Анна Шайкоўская.

РР: Адносна справы прызначэння ў якасці амбасадара Польшчы ў Беларусі і генеральнага консула ў Гародні, мы хацелі б даведацца, ці на гэтыя пасады выбраныя новыя асобы і на калі прадугледжаны працэс узгадненняў унутры краіны і білатэральных з Беларуссю?

— Так, ужо ёсць новыя асобы, але яны яшчэ ў працэсе прызначэння: і кандыдат на пасаду амбасадара ў Беларусі і кандыдат на пасаду генеральнага консула ў Гародні. Пасля правядзення ўсіх неабходных фармальнасцяў гэтыя кандыдаты атрымаюць акрэдытацыю і паедуць у Беларусь. Мы пакуль не падаем прозвішчаў, бо працэдура яшчэ не завершана. РР: Як доўга будзе трываць гэтая працэдура? Калі мы зможам даведацца прозвішчы?    — Звычайна гэта займае каля аднаго – двух месяцаў.

РР: Ці ў сувязі з парламенцкімі выбарамі ў Беларусі ў верасні 2016 года польскія дыпламатычная прадстаўніцтвы ў Беларусі будуць у поўным складзе працаўнікоў?

— Вядома. Нават цяпер асабовы склад цалкам укамплектаваны і па неабходнасці папаўняецца ў межах ратацыі супрацоўнікаў. РР: Ці беларускі бок не ставіць перашкодаў для папаўнення недахопаў працаўнікоў у дыпламатычных прадстаўніцтвах у Беларусі таксама на іншых пасадах, напрыклад, консульскіх аддзелах? — Гэтага я не ведаю і мушу ўдакладніць.

РР: Якія прыярытэты ў польска-беларускіх дачыненнях з’яўляюцца найважнейшымі для цяперашняга кіраўніцтва міністэрства замежных справаў і якая роля ў іх адводзіцца шматгадовым праектам, такім як Беларускае Радыё Рацыя і тэлеканал «Белсат».

— Для нас гэта адзін з прыярытэтаў: павелічэнне магчымасці доступу беларускага грамадства да сумленнай і аб’ектыўнай інфармацыі. Гэта прыярытэт у шматгадовай праграме супрацоўніцтва, якую рэалізуе наша міністэрства ўжо шмат гадоў. Мы падтрымліваем тры СМІ ініцыятывы: Белсат, Беларускае Радыё Рацыя і Еўрарадыё і мы будзем працягваць гэтую падтрымку незалежных СМІ.

РР: 27 студзеня адбудзецца паседжанне Сейма, на якім спадар міністр замежных справаў Вашчыкоўскі выступіць з інфармацыяй пра прынцыпы польскай замежнай палітыкі ў 2016 годзе. Ці тэма дачыненняў з Беларуссю таксама будзе ўздымацца?

— Мяркую, што так. Я думаю, што будзе працягвацца палітыка дыялогу, які грунтуецца на пашане ўзаемных інтарэсаў. Ну і пастулаты адносна розных аспектаў супрацы па пытаннях інфраструктуры, эканамічных пытаннях, па справах меншасцяў і міжасабовых кантактаў. Хачу дадаць, што сёлета на падтрымку незалежнай інфармацыі мы вызначылі суму ў амаль дваццаць два мільёны злотых. Таму, як бачыце, гэта важна і гэта — прыярытэтная справа.

 Гутарыла Анна Шайкоўская

Поделиться ссылкой: