Палітык адзначае, што “Расія вядзе гібрыдную вайну не толькі супраць Украіны, але і супраць Еўропы і Турцыі”.
Турчынаў называе некалькі пунктаў, дзе ствараюцца новыя ваенныя аб’екты: у раёне населеных пунктаў Багучар Варонежскай вобласці і Валуйкі Белгародскай вобласці, у раёне палігона “Кадамаўскі” (Растоўская вобласць). Паводле яго слоў, “для каардынацыі ваенных падраздзяленняў, размешчаных на мяжы з Украінай, у Варонеж перадыслакаваны штаб 20-й арміі Заходняй ваеннай акругі, які да гэтага размяшчаўся ў горадзе Муліна Маскоўскай вобласці”. “Таксама павялічваецца расійскі ваенны патэнцыял у акупаваным Крыме, — паведамляе ён. — На авіябазу ў Бабруйску (Беларусь), якая таксама знаходзіцца ў дастатковай блізкасці ад украінскай мяжы, перакінутыя расійскія ваенна-транспартныя самалёты, знішчальнікі СУ-27 і баявыя верталёты”.
“Усё гэта абсалютна дэзавуюе заявы расійскага кіраўніцтва пра дээскалацыю ваеннага супрацьстаяння і мірнае вырашэнне створаных імі ваенных канфліктаў”, — заяўляе кіраўнік Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны.
Нагадаем, у верасні 2015 года прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін даручыў Міністэрству абароны і МЗС Расіі правесці з Мінскам перамовы і падпісаць пагадненне аб размяшчэнні ў Беларусі авіябазы. Праз некалькі тыдняў Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гаворкі аб размяшчэнні расійскай авіябазы на тэрыторыі Беларусі ніколі не вялося. “Нам не трэба база сёння, тым больш ваенна-паветраныя сілы. Нам патрэбныя пэўныя ўзбраення. Пра што я публічна таксама гаварыў Пуціну і раней Мядзведзеву”, — адзначаў Лукашэнка 6 кастрычніка. Пазней ён неаднаразова закранаў гэтую тэму, кожны раз падкрэсліваючы, што расійская авіябаза Беларусі не патрэбная.