Але самым важным дасягненнем для сябе і іншых еўрапейскіх паслоў, якія працуюць у Беларусі, Брус Бакнел назваў паляпшэнне адносінаў паміж Мінскам і Бруселем. “Але гэта — працэс. Дыпламатыя — гэта бясконцы працэс. У нас ідзе паступовае, павольнае паляпшэнне адносінаў. Гэта для мяне самы галоўны поспех тут, у Беларусі”, — падкрэсліў пасол.
Пры гэтым ён адзначыў, што праблемныя пытанні ў адносінах Беларусі і ЕС засталіся. “Калі я сустракаўся ўчора (5 студзеня. — БелаПАН.) з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, мы іх абмяркоўвалі. Гаварылі аб тым, што хутка будзе апублікавана справаздача БДІПЧ АБСЕ аб мінулых прэзідэнцкіх выбарах, і рэкамендацыі аб тым, што можна зрабіць, каб палепшыць сітуацыю ў Беларусі з палітычнымі партыямі і палітычнай дзейнасцю. Мы гаварылі і аб праблеме смяротнай кары”, — расказаў Бакнел.
“Я думаю, што Беларусь усё яшчэ вельмі кантраляваная краіна. Але ёсць шлях да Еўропы, а значыць павінны быць паляпшэнні ў пытанні правоў чалавека, дэмакратыі. Канешне, больш свабоды — гэта лепш, але ў любым выпадку гэта паступовы працэс, крок за крокам”, — дадаў брытанскі дыпламат.
Сваю дыпламатычную місію ў Беларусі Брус Бакнел завяршае 15 студзеня. Новым паслом Вялікабрытаніі ў Беларусі прызначана Фіёна Гіб, якая, як чакацца, прыедзе ў Мінск у канцы студзеня.