Ён узнік 17 снежня мінулага года, на наступны ж дзень пасля зварота прадстаўнікоў культуры і грамадскіх дзеячаў да лідараў і актывістаў беларускай апазіцыі. Яны заклікалі кансалідавацца і правесці кангрэс для выпрацоўкі сумеснага плана дзеянняў.
Пра тое, якія пытанні вырашаліся сёння, распавёў сябар аргкамітэта, былы палітвязень і вядомы палітык Мікалай Статкевіч:
— Разгледзелі пытанне рэгламента працы аргкамітэта. Будзем працаваць на роўных — старшынства па чарзе. Прымаць рашэнні па прынцыпу кансэнсус мінус 1. Гаварылі пра падрыхтоўку Кангрэса ў рэгіёнах. Абмеркавалі і прынялі за аснову праект парадку дня Кангрэса, там тры асноўныя пытанні: стан Беларускай дзяржавы і нацыі, народнай гаспадаркі і грамадства, і тэндэнцыі да яго змен. Што трэба рабіць, каб гэты стан палепшыўся? Што павінны і могуць зрабіць беларускія дэмакратычныя сілы?
На думку Мікалая Статкевіча, ідэя Кангрэса дэмакратычных сіл нават “пераспела”. Таму яго трэба правесці ўжо сёлета ў красавіку. Па магчымасці, прымеркаваўшы да Дня Волі.
Нагадаем, што ў аргкамітэт мерапрыемства ўваходзяць Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў, Станіслаў Шушкевіч, Зміцер Дашкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Андрэй Саннікаў, Генадзь Фядыніч і Міхаіл Пастухоў.
Фота: euroradio.fm