Святлана Калінкіна: у Беларусі бізнесоўцаў трымаюць як парсючка на Раство

4
І вось апошняя навіна – Следчы камітэт расследуе крымінальную справу ў дачыненні да былога міністра гандлю Валянціна Чаканава. „Калі пачынаюцца сур’ёзныя праблемы, у Беларусі пачынаецца кампанія па арыштах буйных чыноўнікаў,” – каментуе шэф-рэдактарка газеты „Народная воля” Святлана Калінкіна:
 
– Ні Лукашэнка, ні сістэма не мяняюцца. Гэта імітацыя барацьбы з карупцыяй, а не сапраўдная барацьба. І гэта ўжо тэндэнцыя: як толькі пачынаюцца сур’ёзныя праблемы, у Беларусі пачынаецца кампанія па арыштах дырэктароў прадпрыемстваў ці буйных чыноўнікаў. Напэўна нехта лічыць, што такімі кампаніямі можна вярнуць грошы ў бюджэт ці спадабацца электарату. Але да сур’ёзнай, сістэмнай барацьбы з карупцыяй гэта не мае ніякага дачынення.
 
А, па-другое, мы добра ведаем прыкметы карупцыі ва ўладзе – гэта закрытасць прыняцця рашэнняў, закрытая ад грамадскасці інфармацыя па гучных справах, СМІ, якія не могуць свабодна пісаць і гаварыць пра гэта. Акрамя гэтага, па гучных справах мы часцей за ўсё не ведаем ні сутнасці абвінавачванняў, ні тое, за што адпусцілі таго ці іншага так званага карупцыянера. На мой погляд, гэтыя рухі больш шкодзяць, чым прыносяць карысць дзяржаве.
 
Галоўная прыкмета прававой дзяржавы, калі за адно і тое ж парушэнне ўсе нясуць аднолькавае пакаранне. І грамадства мусіць ведаць, што калі ты скраў грошы, ты будзеш сядзець у турме, нягледзячы на пасаду і прозвішча.
 
У Беларусі бізнесоўцаў трымаюць як парсючка на Раство. Калі спатрэбяцца грошы, ідзі на любую фірму, любое прадпрыемства, знойдзеш парушэнне і здымеш грошы. Раней бізнесоўцы лічылі, што калі яны не займаюцца палітыкай, то ў іх усё будзе добра, але міфы руйнуюцца, а апетыты ўлады толькі павялічваюцца. Выснова толькі адна – пакуль у Беларусі не будзе нармальнага закону, справядлівага суда нам не выпадае спадзявацца на тое, што будзе барацьба з карупцыяй і што ў краіне будзе нармальны бізнес, перадае Беларускае Радыё Рацыя.
 
Фото: bsdp.org

Поделиться ссылкой: