У пастырскім пасланні да вернікаў старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што цяпер асаблівы час для Касцёла. З аднаго боку, «свет імкнецца спіхнуць хрысціянскую веру на ўзбочыну грамадскага жыцця», а з іншага — «мы бачым шмат знакаў дзеяння Святога духа», патлумачыў кіраўнік каталіцкага касцёла Беларусі.

Людзі ў XXI стагоддзі, паводле яго слоў, баяцца выйсці за межы прадыктаваных часам «стылю і моды», з-за чаго сённяшнія хрысціяне пагаджаюцца «з разводамі, абортамі, эўтаназіяй, апладненнем in vitro, гомасексуальнымі саюзамі і іншымі духоўнымі анамаліямі». У духоўнае жыццё «ўваходзіць феномен паліткарэктнасці», калі «мы не маем, а можа, не хочам мець свайго меркавання па тым ці іншым маральным пытанні».

Паводле слоў арцыбіскупа Кандрусевіча, каб пераадолець гэтыя страхі неабходна даверыцца Хрысту, а для гэтага трэба «адмовіцца ад сваёй ганарлівасці, перамагчы самога сябе».

Свет занадта моцна занепакоены фінансавым крызісам, хоць усё болей заўважныя праявы крызісу культурнага і духоўнага, з-за якога «матэрыяльныя каштоўнасці і прыемнасці сталі новымі багамі». Божы закон «лічыцца састарэлым і неактуальным». Як вынік, усё болей маладых людзей «жыве без шлюбу», «кожнае пятае дзіця ў нашай краіне выхоўваецца ў няпоўнай сям`і», гаворыцца ў пасланні.

Кінаіндустрыя, рэклама і забаўляльныя перадачы насаджаюць стыль жыцця, дзе «зло, грэх і незахаванне Божага закону ўспрымаецца як нешта захапляючае і пазітыўнае», а імклівае развіццё тэхналогій і гонка за прадуктыўнасцю «падрывае праўдзівы сэнс і значэнне чалавечай працы», адзначае Кандрусевіч. 

«Наш час — гэта таксама час вельмі небяспечных залежнасцяў ад азартных і камп`ютарных гульняў, шопінгу, інтэрнэту, алкагалізму, наркаманіі, неўпарадкаванага сексуальнага жыцця. На гэтым фоне не хапае праграм, якія фармавалі б сумленне чалавека і распаўсюджвалі б духоўныя каштоўнасці, такія, як малітва, дабрачыннасць, міласэрнасць, працавітасць, адказнасць, ахвярнасць . Найбольш небяспечнай пагрозай для хрысціянства з`яўляецца рэлігійная абыякавасць хрысціян», — лічыць кіраўнік беларускага каталіцкага касцёла. 

«Беларусь, не бойся прызнаць у Хрысце сына Божага, прымі яго і даверся яму! Ён сваёй любоўю залечыць твае раны, прывядзе да так патрэбнага ўсім нам цуду паяднання і ўчыніць цябе новай і шчаслівай!» — заклікаў мітрапаліт Кандрусевіч. 

Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі прадстаўлены чатырма дыяцэзіямі, якія аб`ядноўваюць 630 парафій. Для парафіян адкрыта больш за 450 каталіцкіх храмаў, яшчэ некалькі дзясяткаў будуюцца. У Беларусі служаць звыш 470 каталіцкіх святароў.