Някляеў, Статкевіч і Шушкевіч ствараюць аргкамітэт кангрэсу дэмсіл

2
У сумеснай заяве тры палітыкі падтрымалі апублікаваны 17 снежня зварот вядомых прадстаўнікоў культуры і грамадскіх дзеячаў да лідараў і актывістаў беларускай апазіцыі з заклікам кансалідавацца і правесці кангрэс дэмакратычных сіл для выпрацоўкі сумеснага плана дзеянняў.

Някляеў, Статкевіч і Шушкевіч лічаць сімвалічным, што такі зварот з’явіўся напярэдадні 5-й гадавіны брутальных падзей 19 снежня 2010 года. Іх можна было б пазбегнуць, калі б апазіцыя была кансалідаваная, правяла кангрэс, прыняла адзіную праграму і вылучыла адзінага кандыдата ў прэзідэнты, перакананыя аўтары заявы, паведамляе БелаПАН.

“Выбары 2015 года таксама маглі б быць іншымі, калі б апазіцыя дамовілася аб адзіным кандыдаце, выпрацавала сумесны план дзеянняў. Менавіта адсутнасць адзінства прывяла да трагедыі на “выбарах” 2010 года і да фарсу ў палітычнай кампаніі пад назвай “выбары” ў 2015-м”, — гаворыцца ў заяве.

На думку Някляева, Статкевіча і Шушкевіча, “далей у гэты бок ісці няма куды — хіба толькі на адкрытую службу рэжыму”, да чаго асобныя апазіцыйныя структуры, лічаць палітыкі, “ужо нібыта гатовыя — адразу пасля прэзідэнцкіх “выбараў” яны заявілі пра ўдзел у “выбарах” парламенцкіх”. І гэта пры тым, што пры дзейным выбарчым заканадаўстве правядзенне свабодных дэмакратычных выбараў немагчымае, падкрэсліваецца ў заяве. “Значыць, апазіцыя згодная не на выбары, а на прызначэнне ў палатку. І ўнутры апазіцыі ўжо пачалася за гэта барацьба”, — лічаць тры палітыкі.

Някляеў, Статкевіч і Шушкевіч засцерагаюць дэмсілы ад гэтага шляху. “Шлях да дэмакратычнай, еўрапейскай Беларусі — гэта шлях праз свабодныя выбары, якіх неабходна дабіцца аб’яднаўшыся. Мы цалкам раздзяляем гэтую пазіцыю і пачынаем перамовы з кіраўнікамі апазіцыйных структур, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці па стварэнні аргкамітэта кангрэсу”, — гаворыцца ў заяве.

У каментарыі БелаПАН Мікалай Статкевіч выказаў меркаванне, што кангрэс неабходна праводзіць ужо ў лютым-сакавіку. Паводле яго слоў, “ідэя правядзення кангрэсу ўжо нават пераспела”. “Таму я пачаў выконваць тэхнічныя функцыі і тэлефаную ўсім лідарам апазіцыі. Я гатовы прыкласці намаганні, каб паскорыць рэакцыю лідараў апазіцыі, да якіх быў адрасаваны ўчарашні зварот”, — заявіў Статкевіч.

Ён лічыць пакуль “не зусім карэктным” называць лідараў арганізацый, якія падтрымліваюць правядзенне кангрэсу. “Пакуль ніхто не адмовіўся. З трынаццаці чалавек палова падтрымала, чацвёра пакуль думаюць, да двух яшчэ не датэлефанаваўся”, — паведаміў Статкевіч.

Сярод тых, хто падтрымаў ідэю правядзення кангрэсу, Статкевіч змог назваць толькі Рух салідарнасці “Разам” Вячаслава Сіўчыка, бо 17 снежня ён прысутнічаў на пасяджэнні аргкамітэта гэтай арганізацыі і там было заяўлена аб падтрымцы кангрэсу.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Поделиться ссылкой: