Сена для коней з Падмаскоўя

Дом сям’і Маслоўскіх знаходзіцца недалёка ад возера Белае. З вёскі Цінаўка да Полацка каля 20 кіламетраў. Маладая пара жыве тут ужо 5 гадоў. Мінчанка Яна па адукацыі – выкладчык, Аляксандр працуе на «Нафтане». На завод ездзіць з Цінаўкі ў Наваполацк.

– З Мінска я з’ехала спачатку ў Наваполацк, дзе пазнаёмілася з будучым мужам, – расказвае Яніна Маслоўская. – Скончыла гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага ўніверсітэта. У сталіцы жывуць бацькі, але мне ў вялікім горадзе ніколі не падабалася. Бясконцы шум і гам…

Сталічную мітусню дзяўчына прамяняла на правінцыяльны Наваполацк, а потым разам з мужам вырашыла з’ехаць у вёску. Яшчэ з дзяцінства Яніна марыла даглядаць коней. Першага скакуна Яна Маслоўская купіла за грошы, якія адкладвала на падарожжа… Далей любоў да жывёл узяла верх.

– Колас – наш першы конь, – распавядае Яна і ласкава гладзіць жывёліну. – Памятаю, смешныя грошы за яго прасілі, бо на мяса збіраліся адправіць. Потым яшчэ аднаго жарабяці шасцімесячнага ўзяла. Конь гановерскай пароды. Прыгажун!

Цяпер у Яны і Аляксандра пяць коней. Акрамя гэтага ў гаспадарцы тры казы, казёл, гусі, куры, сабакі. У бліжэйшы час у планах завесці яшчэ і свіней. Нарыхтаваць сена для коней Аляксандру ў адзіночку няпроста. Нярэдка маладым фермерам сена даводзіцца закупаць. Праўда, як аказалася, з гэтым ёсць цяжкасці.

– Не кожная гаспадарка прадасць сена прыватніку, тлумачыць Аляксандр. – Яно згніе на поле, але яго не рэалізуюць. Аб’ездзілі Полацкі, Верхнядзвінскі і Расонскі раёны, але ўсё марна. А хто прадаваў, называлі вельмі вялікія сумы. Прыйшлося заказваць фуру сена з Падмаскоўя – гэта танней, чым купляць яго тут! Незразумелы для мяне падыход нашых гаспадарнікаў.

Паводле слоў Аляксандра Маслоўскага, нармальнай падтрымкі для развіцця фермерскай справы ў нас у краіне няма. Учарашнія калгасы, саўгасы ў раёне знаходзяцца ў заняпадзе, але і супрацоўнічаць адмаўляюцца.

Бацькі і дзеці

Прапрацаваўшы некалькі гадоў па спецыяльнасці, Яна сышла са школы і цалкам прысвяціла сябе фермерству. Зарплата настаўніка была невысокай, праца займала шмат часу, і сумяшчаць яе з гаспадаркай станавілася ўсё цяжэй. Цяпер Яна Маслоўская спрабуе сябе ў рамесніцтве.

– У Цэнтры занятасці мне прапанавалі ўзяць субсідыю на развіццё невялікага бізнесу, – кажа былая мінчанка. Я выканала ўсе ўмовы дамовы. Закупіла абсталяванне, матэрыял і пачала працаваць.

Яна Маслоўская займаецца рамонтам конскай збруі, кавальскай справай, а таксама шыццём са скуры. Паводле слоў жыхаркі Цінаўкі, амаль увесь даход ад рамяства сыходзіць на ўтрыманне жывёл.

У асноўным у вёску з горада на пастаяннае месца жыхарства людзі з’язджаюць пасля выхаду на пенсію. У сельскай мясцовасці няма мітусні і хуткага рытму жыцця. Людзі заводзяць гаспадарку і ўжо не збіраюцца вяртацца ў гарады. Яніна і Аляксандр кажуць, што стаць фермерамі можна і ў маладым узросце. Праўда, пакуль гаспадарка невялікая, Аляксандр працуе на «Нафтане» – грошы ў сям’і не лішнія.

Экалогія гарадоў дрэнная, – у адзін голас гавораць Аляксандр і Яна. – Зараз у модзе занятак экатурызмам, развіццё экасядзіб. Людзям гэта цікава, таму і цягнуцца да прыроды.

Як прызнаюцца Маслоўскія, бацькі, сябры і суседзі іх не разумеюць: як гэта ў маладым узросце можна горад прамяняць на вёску. Бацькі лічаць, што жыць і працаваць трэба ў горадзе, таму і завуць маладую пару назад у Мінск. Але Яна і Аляксандр адмаўляюцца. Дзівяцца прыезду моладзі і мясцовыя жыхары.

– Мясцовыя думаюць, што мы тут нафтавую свідравіну знайшлі, – смяюцца Аляксандр і Яна. – Не разумеюць нашага жадання і імкнення займацца фермерствам. Цяпер у нас у марах адкрыццё коннага клуба. Не ўсё так проста на дадзены момант, але спадзяёмся, што ў будучыні атрымаецца рэалізаваць задуманае. Мы – аптымісты!

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»