ЕС адказаў на зварот беларускіх палітыкаў

0
Нагадаем, пяць прадстаўнікоў апазіцыі накіравалі кіраўніцтву Еўрасаюза і Еўрапарламента ліст, які тычыцца ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў краіне і далейшых адносінаў ЕС і Беларусі. Аўтарамі выступілі былы палітзняволены Мікалай Статкевіч, лідар стваранага руху “За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі” Уладзімір Някляеў, старшыні Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін і Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, а таксама сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.

Ліст быў накіраваны 29 кастрычніка, калі ЕС прыняў рашэнне прыпыніць на чатыры месяцы эканамічныя і візавыя санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска. “Санкцыі замарожаныя, а што далей? Мы не пачулі ад Бруселя галоўнага — што павінны зрабіць улады за гэтыя чатыры месяцы“, — пракаментаваў тады сітуацыю Лябедзька.

У сваім лісце прадстаўнікі апазіцыі прапануюць рэалізаваць пакрокавую дарожную карту дэмакратычных зменаў у Беларусі і развіцця дыялогу з Еўрасаюзам. Першы пункт тычыцца змены выбарчага заканадаўства і яго правапрымяняльнай практыкі, каб улады вярнулі беларусам права выбару. Другі — прадугледжвае перамоўны працэс з удзелам прадстаўнікоў улады і апазіцыі пад эгідай місіі АБСЕ. У трэцім пункце ліста гаворыцца пра неабходнасць правядзення парламенцкіх выбараў 2016 года ў адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі.

Адрасаты ліста падзякавалі аўтарам за з’яўленне сумеснага паслання і паведамілі, што яны “прынялі да ведама аналіз сітуацыі”. “Існаванне моцнай апазіцыі — гэта жыццёвая неабходнасць для развіцця дэмакратычных і плюралістычных грамадстваў. Выбарчае заканадаўства і працэдуры, якія адпавядаюць міжнародным стандартам, безумоўна, вельмі важныя для гарантавання грамадзянам магчымасці рэальнага выбару“, — сказана ў лісце ў адказ.

У ім таксама гаворыцца, што пасля публікацыі поўнай справаздачы Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ паводле вынікаў назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі “ЕС будзе надаваць асаблівую ўвагу гэтым рэкамендацыям і настойліва заклікаць беларускія ўлады да іх выканання”.

Еўрасаюз ангажаваны ва ўсебаковыя адносіны для паляпшэння еўрапейска-беларускіх адносінаў і спадзяецца на больш пазітыўны парадак дня з Беларуссю, павелічэнне кантактаў і сфер для супрацоўніцтва“, — сказана ў лісце прадстаўнікоў ЕС. Яны адзначаюць, што актыўны ўдзел у працэсах дэмакратызацыі грамадзянскай супольнасці застаецца найважнейшым фактарам для развіцця адносінаў ЕС і Беларусі.

Каментуючы атрыманы адказ, старшыня АГП Анатоль Лябедзька сам факт ліста ацаніў станоўча. “Сканцэнтраваць увагу еўрапейскіх палітыкаў на Беларусі няпроста, у ЕС шмат іншых праблем і выклікаў. Што да зместу, то як пазітыўны фактар варта адзначыць супадзенне нашых пазіцый па пытанні свабодных сумленных выбараў згодна са стандартамі АБСЕ. Гэта той шлях, які можа прывесці да перамен у Беларусі“, — цытуе палітыка прэс-служба партыі.

Поделиться ссылкой: