Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Сёння набывае моц пагадненне аб бязвізавым рэжыме паміж Беларуссю і Ізраілем. Візы адмененыя для грамадзян, якія падарожнічаюць з турыстычнай мэтай.
8:19 26 лістапада 2015
120
Памер шрыфта
Міжурадавае пагадненне аб адмене віз краіны падпісалі 19 верасня 2014 года. У адпаведнасці з артыкулам 7 пагаднення дакумент набывае моц праз 90 дзён пасля атрымання па дыпламатычных каналах апошняга пісьмовага апавяшчэння, якім бакі інфармуюць адзін аднаго аб выкананні ўсіх неабходных унутрыдзяржаўных працэдур.

Беларускі бок яшчэ ў студзені 2015 года праінфармаваў ізраільскіх калег пра выкананне ўсіх прадугледжаных працэдур. Затрымка ратыфікацыі пагаднення Ізраілем была звязаная з правядзеннем у гэтай краіне 17 сакавіка датэрміновых парламенцкіх выбараў. Адмену візавага рэжыму з Беларуссю кабінет міністраў Ізраіля зацвердзіў 16 жніўня.

Як растлумачыла БелаПАН часовы павераны ў справах Ізраіля ў Беларусі Юлія Рачынскі, візы адмененыя толькі для тых грамадзян, якія падарожнічаюць з турыстычнай мэтай. «Для паездак з іншай мэтай дагэтуль патрабуецца віза», — дадала яна.

Якія-небудзь дадатковыя дакументы для турыстычнай паездкі ў Ізраіль, паводле слоў Рачынскі, беларускім грамадзянам браць не абавязкова. «Паўнамоцтвы па санкцыянаванні ўезду ў Ізраіль пераходзяць ад пасольства да пагранічнай службы, і калі ў людзей ёсць нейкія апаскі, яны могуць узяць з сабой або нумар пасведчання асобы грамадзяніна Ізраіля, які іх запрашае, або копію пасведчання асобы для прад`яўлення пагранічнікам», — сказала дыпламат. Астатнія дакументы беларускія грамадзяне могуць браць па сваім меркаванні. У прыватнасці, турысты могуць дадаткова прадставіць пагранічнікам турыстычную праграму, пацвярджэнне браніравання гатэля. «Ізноў-такі, гэта не афіцыйнае патрабаванне — гэта рэкамендацыя тым, у каго ёсць нейкія апаскі і хто хоча перастрахавацца», — адзначыла Рачынскі.

Паводле яе слоў, пытанні ў пагранічнікаў могуць з`явіцца да людзей, якія нядаўна ўзялі шлюб з грамадзянамі Ізраіля. «Мы рэкамендуем ім афармляць запрашэнне праз МУС Ізраіля», — адзначыла часовы павераны.

Яна таксама падкрэсліла, што ў выпадку адмовы ва ўездзе ў Ізраіль у беларускіх грамадзян будзе магчымасць на працягу двух сутак абскардзіць гэта рашэнне. Турыстам рэкамендуецца перад паездкай даведацца нумар тэлефона консульскага аддзела беларускага пасольства ў Ізраілі, каб мець магчымасць звярнуцца па юрыдычную дапамогу ў выпадку неабходнасці.

Рачынскі таксама паведаміла, што пытанне аб закрыцці пасольства Ізраіля ў Беларусі пакуль не вырашана. «Спадзяемся, што рашэнне да канца года будзе прынята, і мы будзем дакладна ведаць, ці працягне пасольства сваё існаванне. Пакуль мы працуем, як і працавалі дагэтуль», — заявіла дыпламат.

Нагадаем, 4 жніўня гэтага года ўрад Ізраіля падтрымаў прапанову прэм`ер-міністра Біньяміна Нетаньяху аб ліквідацыі сямі дыпламатычных прадстаўніцтваў у сувязі са скарачэннем выдаткаў. У ліку дыппрадстаўніцтваў, запланаваных да скарачэння, ізраільскі прэм`ер назваў і пасольства ў Беларусі.

Крыху пазней былы ізраільскі пасол у Беларусі Іосіф Шагал паведаміў БелаПАН, што ў МЗС Ізраіля створана камісія па вывучэнні пытання аб скарачэнні сямі дыппрадстаўніцтваў у свеце. Ці закране гэта скарачэнне пасольства ў Беларусі, невядома, дадаў Шагал.

Дыпламатычная місія Іосіфа Шагала ў Беларусі завяршылася ў канцы жніўня. Калі ў Беларусь прыбудзе новы пасол Ізраіля, пакуль невядома, паведаміла Юлія Рачынскі.

Анастасія Салановіч, БелаПАН.
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

СМИ: В Беларуси задержали директора украинского завода

Украинские СМИ сообщили еще об одном задержании гражданина Украины на территории Беларуси.
18 лістапада 2017

Как прошел визит главы МИД ФРГ в Минск

Глава МИД ФРГ Зигмар Габриэль принял участие в XV Минском форуме, встретился с президентом Лукашенко и своим коллегой Макеем. Обе стороны демонстрировали полное взаимопонимание.
18 лістапада 2017

Институт социологии назвал рейтинг политических партий

Белорусскому народу нужны политические партии, однако рейтинг большинства из уже существующих очень низок и не меняется из года в год.