Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

24 лістапада ў Мінску прайшла вулічная акцыя, прымеркаваная да 19-х угодкаў рэферэндуму 1996 года.
18:17 24 лістапада 2015
462
Памер шрыфта

Ініцыятарам акцыі выступіў экс-палітвязень Мікалай Статкевіч.

17.50. Да ГУМа прыйшлі Мікалай Статкевіч, а таксама апазіцыйныя палітыкі Уладзімір Някляеў і Павел Севярынец, актывісты Максім Вінярскі і Павел Вінаградаў. 

18.00. Статкевіч расказаў журналістам, што акцыя ставіць некалькі мэтаў. Па-першае, яна праводзіцца для таго, каб ушанаваць памяць зніклых палітыкаў. «Мы не ведаем, дзе яны пахаваныя, але мы ведаем, дзе яны працавалі. Мы пойдзем пад вокны кабінета, дзе працаваў Юрый Захаранка (яго вокны выходзілі на праспект), і запалім там свечкі. Потым мы пойдзем у ЦВК (там працаваў Віктар Ганчар)», — сказаў палітык.

Яшчэ адной мэтай акцыі, паводле слоў Статкевіча, з`яўляецца «тэрапія ад страху». «Як вы памятаеце, 29 кастрычніка мы правялі акцыю каля КДБ. І МУС, і Дом урада — гэта тыя будынкі, якія выклікаюць у простых беларусаў страх. Магчыма, людзі пасля сённяшняй акцыі стануць менш баяцца«, — растлумачыў палітык. 

На пытанне БелаПАН, ці не баіцца ён новых судоў пасля сённяшняга мерапрыемства, Статкевіч адказаў, што ён «не звяртае на гэта ўвагі». «Я баюся не апраўдаць даверу людзей. Я баюся толькі за Беларусь«, — падкрэсліў былы палітзняволены. 

18.05. Каля ўваходу ў ГУМ сабралася некалькі дзясяткаў удзельнікаў акцыі. Некаторыя з іх запальваюць свечкі, іншыя — трымаюць самаробныя плакаты з партрэтамі зніклых палітыкаў, журналістаў і дзяржаўных дзеячаў. 

18.10. Статкевіч абвясціў аб пачатку памятнага шэсця. Прыкладна 70 чалавек пайшлі ад будынка ГУМа ў бок будынка МУС. Некаторыя ўдзельнікі акцыі нясуць бел-чырвона-белыя сцягі.

18.21. Удзельнікі акцыі дайшлі да будынка МУС. Калону суправаджаюць супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным, некаторыя вядуць відэаздымку акцыі. Міліцыянераў у форме не заўважана.

18.25. Уваход у будынак МУС абнесены будаўнічай металічнай сеткай, за якой стаіць самазвал. Іншых прыкмет будаўнічых работ на гэтай тэрыторыі няма. Агароджа перашкодзіла ўдзельнікам акцыі паставіць свечкі каля будынка, дзе працаваў зніклы генерал Захаранка, таму калона пайшла далей, да будынка ЦВК, які размешчаны на плошчы Незалежнасці.Удзельнікі акцыі вырашылі паставіць свечкі з іншага боку будынка МУС па дарозе назад.

18.45. Супрацоўнікі міліцыі склалі пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева, а таксама грамадскіх актывістаў Максіма Вінярскага і Алеся Макаева па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў), аднак усе яны адмовіліся іх падпісваць.

18.50. Міліцыя склала пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў дачыненні магілёўца Станіслава Паўлянковіча — аднаго з удзельнікаў акцыі, якія неслі бел-чырвона-белыя сцягі з выявай герба «Пагоня». Пры гэтым малады чалавек звярнуў увагу прысутных на нядаўнюю заяву кіраўніка МУС Ігара Шуневіча аб тым, што дадзеная сімволіка не з’яўляецца забароненай.

Пратаколы складзеныя і ў дачыненні да Антона Жылка і Андрэя Давідовіча, якія таксама неслі бел-чырвона-белыя сцягі.

18.55. Мікалай Статкевіч абвясціў акцыю скончанай. Людзі пакінулі дзясяткі запаленых лампад, на ўваходзе ў правае крыло Дома ўраду і разыходзяцца.

19.05. Адміністрацыйны пратакол складзены таксама ў дачыненні да журналіста Дзмітрыя Галко, які, паводле яго слоў, суправаджаў падчас акцыі свайго амерыканскага калегу.

Фота: svaboda.org

Сённяшняя акцыя ўпершыню была праанансаваная Статкевічам 10 кастрычніка падчас «шэсця нацыянальнага сцяга» ў цэнтры Мінска. Пазней на старонцы палітыка ў «Фейсбуку» з`явілася паведамленне аб тым, што акцыя 24 лістапада будзе прысвечана памяці былых міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі і старшыні Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара, якія зніклі без вестак у 1999 годзе. «Мы пройдзем да месцаў, дзе працавалі забітыя, — будынкаў МУС і ЦВК, каб запаліць там свечкі памяці, — напісаў Статкевіч. — Калі мы перастанем нагадваць грамадству пра палітычныя забойствы, яны могуць паўтарыцца. Калі забудзем, як у нас забралі свабоду, у нас яе будуць забіраць зноў і зноў«. 

Заяўка на правядзенне акцыі ў гарвыканкам не накіроўвалася. Статкевіч неаднаразова заяўляў, што не збіраецца прасіць ва ўлад дазволу на правядзенне такіх мерапрыемстваў, паколькі мірныя сходы грамадзян гарантаваныя Канстытуцыяй Беларусі. 

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".

Макей: Базавае пагадненне аб партнёрстве ў Беларусі з ЕС будзе рана ці позна

Базавае пагадненне аб партнёрстве паміж Беларуссю і Еўрасаюзам будзе рана ці позна, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 24 лістапада журналістам у Бруселі перад пачаткам саміту Усхо

«Это маленький прорыв». В состав Брестской областной избирательной комиссии вошел представитель оппозиции

В облизбирком по выборам депутатов в местные Советы депутатов 28 созыва избрана Мария Волкова, член Белорусской партии левых «Справедиливый мир».