Акрамя выбудоўвання двухбаковых адносінаў размова на сустрэчы двух міністраў ішла аб канфлікце на ўсходзе Украіны і выкананні мінскіх пагадненняў.
Як паведаміла прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства, у Берліне Макей таксама сустрэўся з саветнікам канцлера ФРГ па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі Крыстофам Хойсгенам, старшынёй германска-беларускай парламенцкай групы бундэстага Оліверам Качмарэкам і членамі гэтай групы, прадстаўнікамі германскай экспертнай супольнасці.
“У ходзе сустрэч і перамоў разгледжаны шырокі спектр пытанняў двухбаковага парадку дня, развіцця дыялогу паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам, удзелу Рэспублікі Беларусь у працэсах еўразійскай інтэграцыі, узаемадзеяння з Германіяй у межах міжнародных арганізацый, асабліва з улікам яе будучага старшынства ў АБСЕ ў 2016 годзе, актуальныя праблемы міжнароднай палітыкі. У межах візіту дасягнуты шэраг канкрэтных дамоўленасцяў, накіраваных на далейшую актывізацыю беларуска-германскага супрацоўніцтва”, — адзначаецца ў паведамленні.
18 лістапада ў Мінску на канферэнцыі “Выхад на новыя рынкі” пасол Германіі ў Беларусі Петэр Дэтмар заявіў, што, прыпыняючы санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў і шэрагу прадпрыемстваў, Еўрасаюз паказвае, што гатовы пачаць будаваць адносіны з Беларуссю з чыстага ліста. “Прыпыненне санкцый ЕС — гэта адказ на тое, што адбывалася ў вашай краіне ў апошні час. І гэтым жэстам мы запрашаем вас пачаць адносіны з нуля, з чыстага ліста. Спадзяюся, мы зможам пабудаваць паўнацэнны дыялог”, — заявіў пасол. Паводле яго слоў, прыпыненне санкцый з’яўляецца выразным сігналам Еўрасаюза аб тым, што ён “гатовы заплюшчыць вочы на падзеі ў Беларусі папярэдніх гадоў і гатовы надаваць увагу таму, што можа быць у будучыні”.
29 кастрычніка Еўрасаюз на чатыры месяцы прыпыніў дзеянне санкцый у дачыненні да 170 фізічных асоб і трох прадпрыемстваў.