Выпускніца Акадэміі міліцыі ўзначаліла аргкамітэт па стварэнні хрысціянска-дэмкратычнага руху

5

Старшынёй аргкамітэта стала Вольга КАРАЛЬКОВА.

– Паводле адукацыі я юрыст, – распавяла “Народнай Волі” сама Вольга. – Закончыла Акадэмію МУС, затым працавала ва ўпраўленні сацыяльнай абароны насельніцтва адміністрацыі Партызанскага раёна сталіцы, ва ўпраўленні жыллёвай палітыкі адміністрацыі Савецкага раёна. Давялося папрацаваць яшчэ юрыстам у прыватным будаўнічым прадпрыемстве, была старшынёй некалькіх жыллёва-будаўнічых кааператываў. А з прыхільнікамі хрысціянска-дэмакратычных каштоўнасцяў пазнаёмілася ў 2012 годзе. Сяброўка запрасіла мяне на адну з сустрэч, якую ладзілі хрысціянскія актывісты, спадабалася… І з таго часу я актыўна ўдзельнічала ў розных іх праектах – распрацоўвала шэраг рэспубліканскіх і рэгіянальных кампаній. Зараз – новая пасада і новая адказнасць.

– Напэўна, не так шмат выпускнікоў Акадэміі міліцыі і былых супрацоўнікаў раённых адміністрацый становяцца прыхільнікамі хрысціянска-дэмакратычнага руху…

– Так, але не трэба ўсіх чыноўнікаў грэбці пад адзін грэбень. У мяне ёсць сярод іх добрыя знаёмыя, якія падзяляюць хрысціянска-дэмакратычныя погляды, нягледзячы на тое, што знаходзяцца на дзяржаўнай службе. Можа быць, у тым і памылка апазіцыі, што яна знаходзіцца ў нейкім сваім гета і ёй падаецца, што яе ніхто не будзе слухаць. Але хрысціянскія дэмакраты хадзілі са сваімі пытаннямі і ідэямі на прыёмы і ў Міністэрства гандлю, і да намесніка прэм’ер-міністра, і ў парламент… Калі толькі лаяцца на ўсіх, седзячы на канапе, цябе ніхто не пачуе.


Поделиться ссылкой: