Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Праваабаронца Тамара Сяргей, якую ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі затрымалі на чыгуначным вакзале Мінска і абвінавацілі ў крадзяжы, падала скаргі Генпракурору Беларусі Аляксандру Канюку і міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу.
10:06 18 лістапада 2015
206
Памер шрыфта

Яна лічыць, што супрацоўнікі міліцыі, якія праводзілі затрыманне, не мелі для гэтага дастатковых падстаў і павінны быць прыцягнуты да адказнасці.

Аб гэтай гучнай і адначасова дзікай гісторыі “Народная Воля” пісала падрабязна.

Юрыст Тамара Сяргей і актывісты грамадскай ініцыятывы «Супраць беззаконнасці ў пракуратуры і судах» 6 лістапада хацелі трапіць на інаўгурацыю Аляксандра Лукашэнкі, каб паспрабаваць перадаць кіраўніку дзяржавы калектыўную заяву – 43-ю па ліку. Сустрэчу прызначылі на 10 гадзін раніцы на чыгуначным вакзале, каб адтуль разам паехаць да Палаца Незалежнасці. Тамара Сяргей спазнілася і прыехала на вакзал прыкладна ў 10.15. І адразу трапіла ў дзіўную сітуацыю.

Да актывістаў падышлі супрацоўнікі міліцыі – падпалкоўнік Сяргей Гаркавы і старшы прапаршчык Сяргей Махнач у кампаніі маладой жанчыны, якая, як сцвярджала Тамара Сяргей, выглядала як чалавек, залежны ад наркотыкаў ці алкаголю. Тая абвінаваціла Сяргей у крадзяжы спачатку кашалька, потым 300 долараў. Праваабаронцу затрымалі і пратрымалі ў міліцэйскім пастарунку амаль 4 гадзіны. Ніякага чужога кашалька, ніякіх грошай у Сяргей, зразумела, не знайшлі. Склалі спачатку пратакол аб затрыманні, потым – пастанову аб вызваленні і адпусцілі. Зразумела, што да Палаца Незалежнасці, дзе праходзіла інаўгурацыя, ехаць сэнсу ўжо не было.

– Улічваючы, што цяпер час зацішша, мяне ніхто не турбуе, я пачала займацца ўласнай абаронай, – расказвае Тамара Сяргей. – Накіравала скаргі Генеральнаму пракурору Беларусі і міністру ўнутраных спраў. У скаргах апісала сітуацыю, у якую трапіла, і паставіла перад вышэйшымі чынамі праваахоўнай сістэмы шэраг пытанняў.

Паводле сцвярджэння грамадзянкі Тарасавай, у яе нібыта адкрыта быў выкрадзены не кашалёк, а 300 долараў ЗША. І адбылося гэта каля 10 гадзін на трэцім паверсе чыгуначнага вакзала каля абменнага пункта. Але ж я ўвайшла ў будынак вакзала на пачатку 11-й, на трэці паверх увогуле не падымалася. Для праверкі гэтых фактаў падпалкоўнік Гаркавы абавязаны быў паглядзець запіс відэакамер. Здавалася б, усё вельмі проста! Тым больш для міліцыянера ў такім званні! Аднак падпалкоўнік міліцыі пасля заявы Тарасавай не паглядзеў матэрыялы відэакамер і не даў даручэнне зрабіць гэта сваім падначаленым. Паверыў словам Тарасавай, адхіліў мае тлумачэнні і тлумачэнні маіх знаёмых. У яго не выклікаў пытанняў той факт, што Тарасава была на вакзале без рэчаў, што ў яе руках не было ні сумачкі, ні валізкі. Што мы – патэнцыяльны злодзей і яго саўдзельнікі – не сышлі з месца злачынства, а працягвалі знаходзіцца на вакзале. У яго практыцы часта такое здараецца?! І, калі казаць юрыдычнай мовай, Гаркавы без наяўнасці дастатковых падстаў парушыў маю асабістую недатыкальнасць і свабоду, здзейсніў самавольства ва ўжыванні ўладных паўнамоцтваў, ужыў у дачыненні да мяне сілу без належных падстаў, усклаў адказнасць за свае дзеянні на свайго падначаленага. І нарэшце, будучы афіцэрам і прадстаўніком праваахоўнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, закрануў мае гонар і годнасць. І перад міністрам МУС я стаўлю пытанне аб правядзенні праверкі і прыцягненні падпалкоўніка Гаркавага, старшага прапаршчыка Махнача і грамадзянкі Тарасавай да адказнасці.

Я, між іншым, хацела патрапіць на прыём да міністра Шуневіча ў снежні (ён прымае раз у месяц). Пакуль мне ў гэтым было адмоўлена. Але я папрасіла, каб маю скаргу паклалі асабіста міністру на стол. І патлумачыла чаму: я лічу, што правакацыя ў дачыненні да мяне настолькі відавочная і прадстаўнікі праваахоўнай сістэмы, у тым ліку афіцэр, настолькі амаральна сябе паводзілі, што падобная сітуацыя патрабуе пільнай увагі менавіта з боку кіраўніцтва МУС і асабіста міністра ўнутраных спраў.

– А грамадзянку Тарасаву спрабавалі знайсці?

– На дадзены момант гэтая жанчына цікавіць мяне ў меншай ступені. Па-першае, я ўсё ж спадзяюся атрымаць вынікі праверкі, якая была распачата па гэтай сітуацыі. У мяне будзе магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі праверкі, і гэта дазволіць даведацца, што гэта за асоба, дзе яна жыве. А па-другое, я ўпэўнена, што яна – няшчасны чалавек, страціла сябе ў жыцці і ёю проста скарысталіся для гэтай правакацыі.

Дарэчы, ужо на гэтым тыдні павінна быць скончана праверка. Не выключаю, што мне яшчэ прыйдзецца звяртацца ў суд, каб абараніць свае гонар і годнасць. З мяне ж спрабавалі зрабіць зладзейку! І я хачу, каб тыя, хто ў гэтым удзельнічаў, панеслі адказнасць.

Фота: Новы Час


Аўтар: Вольга ГРЫНЯВІЦКАЯ 
Крынiца: Народная Воля
Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Прибавка составит 17,7—21,3 рубля: на проездной не хватит

В декабре повысятся зарплаты у низкооплачиваемых бюджетников. Специальное постановление №863 "О повышении тарифных окладов (ставок) отдельным категориям работников" 20 ноября приняло правительство.

“Сын вярнуўся з арміі, нібы з турмы…”

Для таго каб палепшыць імідж айчыннага войска, у Беларусі збіраюцца стварыць яшчэ адзін “Камітэт салдацкіх маці”.

Комфортный ноябрь: в выходные будет тепло, но с осадками

В предстоящие выходные погодные условия на территориии нашей страны будут определять атмосферные фронты и более теплые воздушные массы, поступающие с юго-запада Европы.