Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч пракаментавала ў інтэрв'ю карэспандэнту "Радыё Свабода" сітуацыю вакол тэрактаў у Парыжы.
9:42 17 лістапада 2015
801
Памер шрыфта

РС: Тэракты ў Парыжы ўскаланулі ўвесь свет. Як вы ацэньваеце гэтыя падзеі? Чаму мішэнню стала менавіта Францыя?

Святлана Алексіевіч: Я думаю, што тое, што адбылося ў Парыжы, — гэта толькі пачатак. Насамрэч «ІДІЛ» аб’явіла ўсім вайну. І гэта ўжо было ў Расіі. Бо катастрофа над Сінаем — гэта тэракт. Еўропа, Расія, якая таксама ўступіла ў гэтую вайну, павінна быць гатова да выкліку, які зрабіў ісламскі свет. Нас чакаюць новыя страты, новыя катастрофы. Гэта зусім відавочна, паколькі еўрапейская кааліцыя аб’ядналася, Расія ўступіла. А яны там ужо бездапаможныя, таму яны будуць дзейнічаць партызанскімі, тэрарыстычнымі метадамі. А тут мы зусім бездапаможныя перад вар’яцтвам адзіночак. Сучаснае грамадства ўразлівае перад адзіночкамі. І гэта будзе ланцуг адзіночак і смяротнікаў. Наогул, гэта новая форма вайны. І насамрэч сутыкнуліся дзве цывілізацыі, два светы, перадае «Радыё Свабода»

РС: Як гэтыя тэракты могуць паўплываць на сітуацыю ў свеце? Ці можа Еўропа адмовіцца ад дэмакратычных каштоўнасцяў дзеля бяспекі?

Алексіевіч: Так, гэта вялікі выклік еўрапейскаму свету, еўрапейскім каштоўнасцям. Пра гэта заўсёды кажа Меркель. З іншага боку, Еўропа, асабліва Германія, прымае такую вялікую колькасць уцекачоў. Я сама бачыла, як гэта адбываецца, як людзі гатовыя дапамагчы. У той жа час аказваецца, што сярод тых, каго прынялі, выяўляюцца тэрарысты. Для звычайнай свядомасці вельмі цяжка прыняць усё гэта. Еўропа будзе супраціўляцца, там вельмі моцны свет еўрапейскіх каштоўнасцяў Але гэта выпрабаванне, вядома.

РС: А як гэта будзе ўплываць на Расію, ці будзе мяняцца палітыка Пуціна?

Алексіевіч: Палітыка Пуціна сёння пабудавана на пазіцыі сілы. Свет не заўважыў, як Расія пераўзброілася, мае добрае войска, новую зброю. Мая апошняя кніга называецца «Час сэканд-хэнд». Мы зноў вярнуліся да свету са зброяй. Зноў зброя ўсё вырашае. Я лічу, што трэба змагацца з ідэямі, а не забіваць людзей. Але сэканд-хэнд поўны — свет вярнуўся да мінуўшчыны. Я асцерагаюся, што гэта будзе вайна не ў звыклай форме, а ў форме адзінкавых партызанскіх вылазак. Але партызанства будзе распаўзацца па ўсім свеце. Нядаўна я ляцела з Парыжа, і нейкі халадок, ужо ўсяму не давяраеш. Побач сеў юнак арабскай знешнасці, ува мне, даволі талерантнай беларусцы, з’явіўся недавер. Ён усміхаецца, а ў мяне недавер. І я разумею, што мы ўсе нясем вось гэтыя страты. Хаця ў мяне вельмі многа сяброў сярод мусульманаў, вельмі адукаваных, цікавых людзей. Але калі пераможа барбарскі мусульманскі свет, то яны падуць першымі ахвярамі, яны гэта цудоўна разумеюць. То бок мы стаім перад новымі выклікамі. 

РС: А тое, што рабіла Расія ва Украіне, анексія Крыму, акупацыя Данбасу, ці можа гэта быць стымулам для такіх дзеянняў, якія здарыліся ў Парыжы?

Алексіевіч: Там больш складана, бо Данбас — гэта бліцкрыг, які не атрымаўся. Як аказалася, гэта значна складаней. Ну развязалі грамадзянскую вайну, але свет выступіў супраць, і Украіна гэта не прыняла. То бок тое, на што спадзяваліся, не адбылося. Таму і Сірыя ў тым ліку, гэта вырашаюцца нейкія вялікія геапалітычныя праблемы. Але я не палітык, і я магу толькі здагадвацца і казаць, што мы сталі жыць у іншым свеце. І ўжо перасталі давяраць адно аднаму. Калі вас правяраюць ад і да, то я не разумею, як на стадыён можна пранесці аўтамат Калашнікава? Прычым стадыён недалёка ад таго месца, дзе знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта Францыі. А ў той жа час, у мяне забіраюць крэм, тонік… То бок свет не гатовы супраціўляцца гэтай новай форме вайны. І калі яны там перабіралі мой чамадан, гэта дзіўна выглядала на фоне таго, што адбылося.

 

Ісламская дзяржава

РС: Як падзеі ў Парыжы будуць уплываць на Беларусь, на яе дачыненні з Еўропай. Здаецца, як заўсёды, Лукашэнка выйграе ад такой сітуацыі.

Алексіевіч: Ён і цяпер выйграе. І тое, што Лукашэнка кажа, што рэформаў не будзе, гэта тое, што кажа мой сусед у вёсцы Пётр Сільвестравіч. Ён кажа тое, што кажа народ, у Лукашэнкі вялікае чуццё. У выніку мы спазняемся, хаця мы і так нацыя, якая спазняецца. Усё больш страху — і Майдан, і Данбас, і Сірыя, і цяпер Парыж. Я думаю, гэтыя фактары згуртуюць людзей вакол прэзідэнта. Тым больш ён дэманструе тып кіраўніка культу сілы, упэўненасці такой і, я думаю, ён далей гэта будзе дэманстраваць. І народ будзе аб’ядноўвацца менавіта вакол такіх лідараў. Бо сёння не час Вацлава Гавала, а час Пуціна, Лукашэнкі, час сілы. І гэта, як мастак, я ўспрымаю як паразу, але спадзяюся, што гэта часовае.

РС: Ці можа Еўропа ісці на нейкія саступкі такім, як Лукашэнка?

Алексіевіч: Я думаю, што ў Еўропе гэтыя саступкі мала рэальныя. Там не так лёгка ўраду зрабіць нейкі жорсткі крок. Тут Лукашэнка вырашыў, раніцай падпісаў указ і ўсё. Там гэта ўсё грамадства абмяркоўвае вельмі доўга, розныя партыі, рухі, розныя лідэры. Я тры гады жыла ў Парыжы, я гэта ведаю. Не так проста з пазіцыі сілы зрабіць нейкія рэчы. Вось Пуцін гэта можа зрабіць. У Еўропе гэта не так лёгка. І потым людзі выхаваныя ў іншым духу. Я без слёз не магла глядзець, калі яны ідуць, твары ў крыві і спяваюць «Марсельезу». Яны ж не крычаць нейкія словы нянавісці. Яны кажуць «не». Мы не здадзімся, мы не аддамо тое, што ў нас ёсць. Менавіта нашы каштоўнасці найперш. 

РС: А вам не хацелася б апісаць гэта ў новай кнізе?

Алексіевіч: Усё, што я хацела, я зрабіла за гэтыя амаль 40 гадоў. Гісторыя чырвонай утопіі — гэта была мая ідэя. А так я не журналіст. Тое, што вы мне прапануеце, — журналісцкі падыход да асвятлення падзей. Тое, што я зразумела пра дабро і зло менавіта на глебе рускага бальшавізму, я гэта зрабіла. 

www.svaboda.org

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Лукашенко: решение направить главу МИД в Брюссель было принято задолго до саммита

Решение направить в Брюссель главу МИД Владимира Макея было принято задолго до саммита "Восточного партнерства".
24 лістапада 2017

Макей: Базавае пагадненне аб партнёрстве ў Беларусі з ЕС будзе рана ці позна

Базавае пагадненне аб партнёрстве паміж Беларуссю і Еўрасаюзам будзе рана ці позна, заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей 24 лістапада журналістам у Бруселі перад пачаткам саміту Усхо
24 лістапада 2017

«Это маленький прорыв». В состав Брестской областной избирательной комиссии вошел представитель оппозиции

В облизбирком по выборам депутатов в местные Советы депутатов 28 созыва избрана Мария Волкова, член Белорусской партии левых «Справедиливый мир».